2018.12.17 Pena di Morte, esecuzione capitale, death penalty

Колькасць смяротных прысудаў дасягнула максімуму з 1981 года

Міжнародная праваабарончая арганізацыя "Amnesty International" апублікавала справаздачу, паводле якой у свеце зафіксаваны высокі ўзровень выканання смяротных прысудаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У дакуменце "Смяротныя прысуды і пакаранні смерцю ў 2025 годзе" адзначаецца, што агульная колькасць пакараных смерцю ва ўсім свеце склала мінімум 2707 чалавек, што на 78 працэнтаў больш у параўнанні з 2024 годам.

Праваабаронцы тлумачаць такі скачок спробамі шэрагу ўрадаў узмацніць кантроль і абмежаваць дзейнасць грамадзянскай супольнасці. Галоўным чыннікам гэтай тэндэнцыі стаў Іран, дзе пакаралі смерцю больш за 2150 чалавек, што больш чым удвая перавышае паказчыкі 2024 года. Пры гэтым прадстаўленая статыстыка не ўлічвае Кітай, паколькі гэтыя даныя застаюцца засакрэчанымі.

Рост колькасці пакаранняў зафіксаваны таксама ў Саудаўскай Аравіі (356 выпадкаў), Кувейце, Егіпце, Сінгапуры і Злучаных Штатах Амерыкі. Нягледзячы на рост лічбаў, краіны, якія працягваюць прымяняць смяротнае пакаранне, застаюцца ў меншасці – іх колькасць складае 17, уключаючы Японію, Паўднёвы Судан, Тайвань і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, якія аднавілі гэтую практыку. Сярод іх найбольш актыўна такую меру выкарыстоўваюць Кітай, Іран, Саудаўская Аравія, Самалі і ЗША.

Адначасова з гэтым агульная сусветная тэндэнцыя да адмены вышэйшай меры пакарання пашыраецца. Калі ў 1977 годзе смяротнае пакаранне скасавалі толькі 16 краін, то на сённяшні дзень яго адмянілі ўжо 113 дзяржаў, што складае больш за палову краін свету.

Каталіцкі Касцёл цалкам адхіляе прымяненне смяротнага пакарання. Падчас свайго пантыфікату Папа Францішак распарадзіўся змяніць адпаведны артыкул у Катэхізісе Каталіцкага Касцёла.

Згодна з зацверджанай рэдакцыяй касцельнага дакумента, смяротнае пакаранне прызнана недапушчальным, паколькі яно супярэчыць прынцыпу недатыкальнасці і годнасці чалавечай асобы.
 

20 мая 2026, 08:38