Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Парыж: біскупы крытыкуюць разгляд закона аб “канцы жыцця”

Прэзідыум Канферэнцыі Біскупаў Францыі раскрытыкаваў працэдуру разгляду законапраекты “аб канцы жыцця” перад галасаваннем у Нацыянальнай асамблеі краіны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прэзідыум Канферэнцыі Біскупаў Францыі выступіў з вострай крытыкай таго, як праходзіла абмеркаванне праекта закона “аб канцы жыцця”. Паводле іерархаў, гэты працэс – прыклад адсутнасці сапраўднага плюралізму. Падчас разгляду дакумента не былі выслуханы ўсе зацікаўленыя бакі.

Сёння, 30 чэрвеня 2026 года, французскі парламент павінен прыняць рашэнне наконт рэзананснага дакумента, які прадугледжвае права на дапамогу ў паміранні. Гэта можа адкрыць шлях да канчатковага зацвярджэння норм, якое чакаецца 15 ліпеня.

У апублікаванай сумеснай пазіцыі біскупы падкрэслілі, што ўлады праігнаравалі голас медыцынскага персаналу, які даглядае пацыентаў напрыканцы іх жыцця. Заканадаўцы не пачулі таксама юрыстаў, грамадскія арганізацыі і прадстаўнікоў розных рэлігійных супольнасцей.

На думку аўтараў звароту, прыняцце дакумента падарве гарантаваную Канстытуцыяй свабоду выказванняў і веравызнання. Сапраўдная небяспека пагражае ўстановам, якія жадаюць дзейнічаць у згодзе з уласнымі этычнымі прынцыпамі.

Біскупы заклікалі дэпутатаў узважыць усе доўгатэрміновыя наступствы. Іерархі папярэдзілі, што парламент вызначае будучы вектар развіцця ўсёй краіны. "Рашэнне парламента прадвызначыць, ці абярэ Францыя мадэль, якая дазваляе эўтаназію і дапамогу ў самагубстве, ці засяродзіцца на развіцці паліятыўнай дапамогі і суправаджэнні хворых аж да іх натуральнай смерці", - гаворыцца ў заяве. Гэты выбар, паводле пераканання прадстаўнікоў Касцёла, акажа вызначальны ўплыў на будучае аблічча краіны.
 

30 чэрвеня 2026, 10:49