Хрысціянскі вернік на Via Dolorosa ў Іерусаліме Хрысціянскі вернік на Via Dolorosa ў Іерусаліме  (AFP or licensors)

Праваабаронцы: у Ізраілі расце колькасць нападаў на хрысціян

У Ізраілі, асабліва ў Іерусаліме, зафіксавана рэзкае павелічэнне выпадкаў агрэсіі, абраз і нападаў на хрысціян, пра што сведчаць новыя даныя праваабаронцаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

6 ліпеня 2026 года Цэнтр даных аб свабодзе веравызнання (Religious Freedom Data Center) апублікаваў трывожную справаздачу. Згодна з гэтымі матэрыяламі, у другім квартале 2026 года колькасць зафіксаваных правапарушэнняў супраць хрысціян у Ізраілі вырасла амаль удвая – з 44 да 83 выпадкаў.

Вернікі ўсё часцей сутыкаюцца з тым, што на іх плююць, іх абражаюць або запалохваюць. Усяго за 2025 год арганізацыя зафіксавала 181 напад па ўсёй краіне, прычым 150 з іх адбыліся менавіта ў іерусалімскім рэгіёне.

Напады адбываюцца адкрыта, а злачынцы практычна не хаваюць сваіх намераў

У дакуменце падкрэсліваецца, што пераслед і напады ўсё часцей адбываюцца адкрыта ў грамадскай прасторы, прычым злачынцы практычна не хаваюць сваіх намераў".

Сярод прыкладаў прыводзіцца жорсткі напад на французскую манахіню на ўскраіне Старога Іерусаліма, у выніку якога яна атрымала траўму галавы. Арганізацыя звязвае рост насілля з распаўсюджваннем нянавісці і дэзінфармацыі ў інтэрнэце. Больш за палову зарэгістраваных інцыдэнтаў звязаны з зневажальным пляваннем у бок вернікаў. Пераважная большасць нападаў адбылася ў Іерусаліме, прычым значная частка менавіта ў межах Старога горада.

Асабліва высокая хваля агрэсіі была заўважана падчас юдэйскіх святаў. У Дзень Іерусаліма, калі правыя ізраільскія групы праводзяць марш з сцягамі, было адзначана 8 інцыдэнтаў. Таксама 7 нападаў праваабаронцы зарэгістравалі ўсяго за адзін дзень падчас святкавання Шавуот. Пры гэтым у справаздачу не ўвайшлі выпадкі агрэсіі ізраільцян за межамі дзяржаўных граніц. Сярод іх – знішчэнне статуі Езуса і апаганьванне статуі Панны Марыі ізраільскімі салдатамі ў Паўднёвым Ліване.

Праваабарончы цэнтр шукае шляхі вырашэння праблемы праз супрацоўніцтва і асвету

Арганізацыя ўжо звярнулася да ваеннага кіраўніцтва з прапановай аб сумеснай працы. Для экскурсаводаў, якія суправаджаюць групы салдат у Іерусаліме, падрыхтаваны спецыяльны інфармацыйны дакумент.

Праваабаронцы таксама заклікаюць гарадскія ўлады Іерусаліма зрабіць прысутнасць хрысціян у публічнай прасторы больш бачнай. На іх думку, віншаванні са святамі і плакаты дапамогуць знізіць напружанасць. Ігнараванне хрысціянскай прысутнасці ў афіцыйным полі горада наўпрост спрыяе агрэсіўнай рэакцыі.
 

07 ліпеня 2026, 09:21