Мэр Лампедузы Філіпа Маніна Мэр Лампедузы Філіпа Маніна 

Мэр Лампедузы: немагчыма быць абыякавымі перад трагедыямі мігрантаў

Лампедуза рыхтуецца да візіту Льва XIV, які адбудзецца 4 ліпеня 2026 года. Мэр вострава Філіпа Маніна чакае, што гэтае падарожжа засведчыць пераемнасць паслання, якое ў 2013 годзе пакінуў на Лампедузе Папа Францішак.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У інтэрв’ю ватыканскім СМІ мэр Лампедузы распавёў, як востраў, размешчаны насупраць афрыканскага ўзбярэжжа, стаў сімвалам прыёму мігрантаў і месцам памяці пра тых, хто не здолеў дасягнуць берага.

Маніна падкрэсліў, што стаўленне да праблемы міграцыі на Лампедузе істотна адрозніваецца ад палітычных дыскусій, якія вядуцца далёка ад вострава, у Брусэлі ці Рыме. Галоўным прынцыпам для мясцовых жыхароў застаецца аказанне дапамогі людзям, якія просяць аб ратунку. Калі чалавек просіць аб дапамозе, неабходна працягнуць яму руку дапамогі, а ўжо пасля вырашаць усе іншыя пытанні, - падкрэсліў мэр.

Кіраўнік вострава адзначыў, што ў апошні час прыём мігрантаў стаў больш упарадкаваным дзякуючы супрацоўніцтву з Чырвоным Крыжам, які з 2023 года кіруе цэнтрам прыёму. Калі раней востраў пастаянна жыў ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі, цяпер прыём людзей арганізаваны больш сістэмна і з большай павагай да чалавечай годнасці.

Маніна нагадаў пра адзін з самых складаных дзён у гісторыі вострава – 12 верасня 2023 года, калі на Лампедузу за адны суткі прыбылі каля 10 тысяч мігрантаў, што амаль удвая перавышала колькасць яе жыхароў. Вырашальную ролю ў той момант адыграла салідарнасць мясцовай супольнасці, якая раздавала прадукты харчавання, збірала цацкі для дзяцей і ўсяляк дапамагала мігрантам.

Лампедуза - дзверы ў Еўропу
Лампедуза - дзверы ў Еўропу

Мэр Лампедузы з болем распавёў пра чалавечыя страты ў Міжземным моры. На старых мясцовых могілках пахавана больш за 300 чалавек. Давялося стварыць і новае месца для пахаванняў. Маніна падкрэсліў, што немагчыма заставацца абыякавым, калі бачыш бацькоў, якія адважваюцца на небяспечнае марское падарожжа з малымі дзецьмі, бо гэта сведчыць пра адсутнасць у іх іншага выбару.

Маніна падкрэсліў, што мігранты прыбываюць на востраў у пошуку выратавання, а мясцовыя рыбакі неаднаразова ратавалі іх у моры, часам рызыкуючы ўласным жыццём. Ён са шкадаваннем адзначыў, што міграцыйны крызіс у мінулыя гады негатыўна паўплываў на турыстычны імідж Лампедузы.

Мэр выказаў надзею на тое, што Леў XIV працягне шлях, распачаты Папам Францішкам. Ён прыгадаў словы падзякі за салідарнасць, якія Францішак адрасаваў жыхарам Лампедузы падчас свайго візіту ў 2013 годзе.

У роспачы пасля чарговай трагедыі ў моры мэр напісаў Льву XIV ліст з просьбай “дапамагчы дапамагаць”. Ён спадзяецца, што будучы візіт Пантыфіка прынясе апостальскае благаслаўленне людзям, якія прыбываюць на Лампедузу ў надзеі на выратаванне, а таксама мясцовай супольнасці, якая штодзённа нясе цяжар адной з самых складаных гуманітарных сітуацый у Еўропе.

Мэр Лампедузы Філіпа Маніна
Мэр Лампедузы Філіпа Маніна
01 ліпеня 2026, 12:32