Кардынал Піцабала пра мір, надзею і дыялог на Блізкім Усходзе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Лацінскі Патрыярх Іерусаліма кардынал П'ербатыста Піцабала выступіў у апошні дзень “Сустрэчы сяброўства паміж народамі” ў Рыміні. Ён заявіў, што Заходні бераг стаў "тэрыторыяй без закону", дзе ўзрастае напружанне паміж пасяленцамі і палесцінскім насельніцтвам.
Сітуацыю ў Газе кардынал назваў вельмі разбуральнай з гуманітарнага пункту гледжання. На яго думку, Захад павінен дапамагчы "паглядзець крыху далей" і ствараць перспектывы праз больш шчыльныя дыпламатычныя намаганні.
Іерарх таксама паўтарыў пазіцыю Льва XIV адносна рашэння аб стварэнні двух дзяржаў – Ізраіля і Палесціны. Паводле кардынала, гэта "адзіны спосаб прызнаць за ізраільцянамі і палесцінцамі права мець дом на сваёй зямлі". Ён дадаў, што візіт Папы ў Святую Зямлю – толькі пытанне часу, аднак для яго неабходна падрыхтаваць умовы, каб ён сапраўды прынёс плён.
Падчас размовы з маладымі людзьмі кардынал перасцярог перад логікай вайны, якая "не павінна авалодаць сумленнем". Ён нагадаў, што вайна адбірае ў моладзі найпрыгажэйшыя гады жыцця, а часам і само жыццё. Піцабала заклікаў не зводзіць мір да лозунгаў і не падмяняць яго наіўнымі падыходамі да складанай рэальнасці.
Асобна Піцабала спыніўся на надзеі і міжрэлігійным дыялогу. Ён падкрэсліў, што надзея нараджаецца ў сэрцы чалавека, з веры і ўсведамлення, што ты не адзін. Яна жыве таксама ў сустрэчах з іншымі, у супольнасцях і ініцыятывах, дзе людзі аб'ядноўваюцца, каб зрабіць нешта разам.
Сапраўдны міжрэлігійны дыялог, падкрэсліў кардынал, павінен развівацца не толькі паміж прадстаўнікамі эліт, але і сярод саміх людзей. Каб пераадолець замкнёнае кола, у якім кожны бачыць сябе адзінай ахвярай, трэба сустракацца з іншымі, пазнаваць іх гісторыі і адмаўляцца ад абагульненняў, бо "першая гвалтоўнасць нараджаецца ў сэрцы і ў словах".