Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: пробашчы з 90 краін разважаюць пра Касцёл будучыні

Больш за 200 каталіцкіх святароў з усяго свету ўпершыню сустракаюцца пад эгідай Святога Пасада, каб абмеркаваць будучыню душпастырства у рамках сінадальнага працэсу, які працягваецца ў Каталіцкім Касцёле.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Удзельнікі сустрэчы Пробашчы на карысць Сінода з 90 краін 29 красавіка 2024 года сабраліся ў Сакрафана пад Рымам. Дыскусіі завершацца ў чацвер 2 мая сустрэчай з Папам Францішкам у Ватыкане, падчас якой у святароў будзе магчымасць пагутарыць з кіраўніком Касцёла. Некаторыя з гэтых дэбатаў будуць трансліравацца на ватыканскім YouTube-канале. Чакаецца, што аспекты сустрэчы ўключаць у новы рабочы дакумент для другой генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў у кастрычніку 2024 года.

Як патлумачыў біскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін, намеснік кіраўніка Генеральнага сакратарыята Сінода і каардынатар сустрэчы, яна прысвечана слуханню, малітве і распазнаванню. Арганізатары – Генеральны сакратарыят Сінода, Дыкастэрыі па справах духавенства, па евангелізацыі і па справах Усходніх Цэркваў. Сярод асноўных мэт – абмен ідэямі, матэрыяламі і досведам сінадальнасці у парафіях і дыяцэзіях.

У кансультацыях удзельнічаюць каля 20 экспертаў і тэолагаў, у тым ліку шэсць жанчын. Сярод экспертаў – чэшскі тэолаг і сацыёлаг рэлігіі ксёндз Томаш Галік, нямецкі езуіт Клеменс Блатэрт і аргенцінская сацыёлаг сястра Марыя Лія Сэрвіна.

Каталіцкі Касцёл складаецца з больш чым 220 тысяч парафій па ўсім свеце, з якіх каля 160 тысяч узначальваюцца пробашчамі. Для большасці вернікаў мясцовы святар з'яўляецца самай важнай кантактнай асобай у Касцёле.

Беларусь на сустрэчы прадстаўляе ксёндз Аляксей Ляшко, душпастыр парафіі ў Лёзна, што ў Віцебскай дыяцэзіі.
 

29 красавіка 2024, 09:34