Святы Пасад заклікае пазбегнуць "калектыўнага пакарання" ў Газе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
27 жніўня 2025 года пасля Імшы з нагоды літургічнага ўспаміну святой Монікі, якую ён цэлебраваў у базіліцы святога Аўгустына ў Рыме, у размове з журналістамі кардынал П’етра Паралін спаслаўся на нядаўні зварот Льва XIV і заявы патрыярхаў з Святой Зямлі.
Шмат рашэнняў магло б сапраўды спыніць гэтую трагедыю
"Хацеў бы спаслацца на зварот, які Папа агучыў сёння раніцай падчас агульнай аўдыенцыі, дзе прадстаўлена пазіцыя Святога Пасада адносна сітуацыі ў Газе," - патлумачыў іерарх, нагадваючы, што Пантыфік і патрыярхі, грэка-праваслаўны і лацінскі, заклікалі да "спынення вайны" і выказалі пратэст супраць "прымусовага перасялення насельніцтва Газы".
Кіраўнік дыпламатыі Святога Пасада падкрэсліў, што "існуе шмат рашэнняў, якія сапраўды маглі б спыніць гэтую сітуацыю", але звярнуў увагу на цяжар інтарэсаў "палітычнага", "эканамічнага" характару, а таксама інтарэсаў "улады" і "гегемоніі", якія перашкаджаюць "чалавечаму вырашэнню гэтай трагедыі".
Застацца – гэта акт мужнасці
Што датычыцца пытання абароны духоўных асоб і вернікаў у Газе, кардынал паведаміў, што "ім пакінулі свабоду ў адносінах да загаду аб эвакуацыі", выдадзенага ізраільскім урадам. Ён прывёў прыклад праваслаўнага Патрыярха Іерусаліма Феафіла III, які паведаміў, што сёння вернікам праваслаўнай парафіі "загадалі пакінуць Газу".
"Кожны зможа сам вырашыць, што рабіць," - сказаў Паралін, дадаўшы, аднак, што "застацца – гэта мужны выбар" і што "невядома, наколькі гэта будзе магчыма, калі існуе загад аб эвакуацыі" і "поўны кантроль тэрыторыі на зямлі".
На дыпламатычным узроўні Дзяржаўны сакратар пацвердзіў, што застаецца "ў кантакце з амерыканскай адміністрацыяй праз пасольства" і выказаў надзею на тое, што міжнародныя перамовы, якія будуць наступствам візіту міністра замежных спраў Ізраіля Гідэона Саара ў Вашынгтон, прынясуць канкрэтныя вынікі.
Фундаментальна важна пазбегнуць калектыўнага пакарання
"Я чакаю таго, аб чым прасіў Папа: каб адбылося спыненне агню, быў гарантаваны бяспечны доступ гуманітарнай дапамогі, выконвалася міжнароднае гуманітарнае права – гэта фундаментальна – і каб пазбегнуць калектыўнага пакарання," - падкрэсліў кардынал Паралін.
Напрыканцы, згадваючы рызыку прымусовай эвакуацыі насельніцтва Газы, Дзяржаўны сакратар прызнаў, што да гэтага часу ізраільскі ўрад "не выказаў жадання адмовіцца" ад гэтага рашэння і што "магчыма, няма занадта шмат падстаў для надзеі". Нягледзячы на гэта, ён паўтарыў цвёрдую пазіцыю Святога Пасада "працягваць настойліва заклікаць да змены сітуацыі" ў бок міру і справядлівасці.