“Напіцца з вытокаў”: выстава да 70-годдзя візіту Паўла VI у катакомбы

Папская камісія па сакральнай археалогіі правядзе фотавыставу з нагоды 70-годдзя гістарычнага візіту Папы Паўла VI у Катакомбы Даміцылы – самыя вялікія катакомбы Рыма.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Мы прыйшлі напіцца з вытокаў, каб ушанаваць гэтыя сціплыя, але слаўныя магілы і атрымаць ад іх настаўленне і суцяшэнне”, - казаў Павел VI у падземнай базіліцы святых Нерэя і Ахілея, завяршаючы свой візіт у катакомбы. Ён адбыўся 12 верасня 1965 года – незадоўга да ўрачыстага закрыцця Другога Ватыканскага Сабора.

Пра гістарычную падзею нагадае фотавыстава пад назвай: “1965-2025. Напіцца з вытокаў. Святы Павел VI – пілігрым у катакомбы”. Яна будзе праходзіць з 12 верасня па 16 лістапада 2025 года ў комплексе Катакомбаў святога Каліста на Апіевай дарозе ў Рыме. Цырымонію адкрыцця ўзначаліць кардынал Матэа Дзупі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі.

Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з фотаздымкамі, архіўнымі дакументамі і рэдкімі экспанатамі. Фотаыстава арганізуецца ў супрацоўніцтве з Дыкастэрыяй па камунікацыі, Інстытутам Паўла VI у Брэшыі, супольнасцямі салезіян і вербістаў, якія клапоцяцца пра Катакомбы святога Каліста і Даміцылы ў Рыме.
 

30 жніўня 2025, 11:25