Арцыбіскуп Галахер, сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Арцыбіскуп Галахер, сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі 

Галахер: Святы Пасад – за мараторый на аўтаномную зброю

У пытаннях жыцця і смерці існуюць межы, якія ніколі не павінны парушацца, сцвердзіў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер на адкрытых дэбатах Савета Бяспекі ААН па пытаннях штучнага інтэлекту, міжнароднага міру і бяспекі. Мерапрыемства прайшло 24 верасня 2025 года ў Нью-Ёрку.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі адзначыў, што лічбавая рэвалюцыя, асабліва ў галіне штучнага інтэлекту (ШІ), аказвае глыбокі ўплыў на такія сферы, як адукацыя, ахова здароўя, праца, мастацтва, кіраванне, узброеныя сілы і камунікацыі. Ён падкрэсліў, што ШІ можа спрыяць устойліваму развіццю, міру і абароне правоў і свабод чалавека. Аднак без апоры на павагу да чалавечай годнасці і імкненне да агульнага дабра тэхналогіі рызыкуюць стаць інструментамі падзелаў і агрэсіі, якія могуць прывесці да далейшага распальвання канфліктаў. Гэта не абстрактная праблема, а надзённая рэчаіснасць, улічваючы сённяшнюю глабальную нестабільнасць і хуткую інтэграцыю штучнага інтэлекту ў сістэмы звычайных і ядзерных узбраенняў, - папярэдзіў іерарх.

Асаблівую небяспеку нясуць смяротныя аўтаномныя зброевыя сістэмы (LAWS), бо ім бракуе чалавечай здольнасці да маральнага суджэння і прыняцця этычных рашэнняў. Па гэтай прычыне Святы Пасад рашуча падтрымлівае неадкладны мараторый на распрацоўку або прымяненне смяротных аўтаномных зброевых сістэм, а таксама прыняцце юрыдычна абавязковай міжнароднай дамовы, якая гарантавала б захаванне чалавечага кантролю над рашэннямі пра жыццё і смерць, - заявіў арцыбіскуп Галахер.

Вялікую занепакоенасць Святога Пасада выклікае таксама і новая гонка ўзбраенняў, у ходзе якой ШІ інтэгруецца ў ваенныя сістэмы, уключаючы касмічныя сістэмы, сістэмы супрацьракетнай абароны і сістэмы ядзернага камандавання і кантролю. Гэта стварае беспрэцэдэнтны ўзровень непрадказальнасці з-за магчымасці памылак.

Напрыканцы прамовы арцыбіскуп Галахер заклікаў да чалавекацэнтрычнага падыходу ў распрацоўцы і выкарыстанні новых тэхналогій, падкрэсліўшы недапушчальнасць парушэння этычных меж у пытаннях жыцця і смерці.

26 верасня 2025, 11:41