Дзяржсакратарыят - Зала Карла Вялікага Дзяржсакратарыят - Зала Карла Вялікага 

Святы Пасад і Украіна: дыялог аб вяртанні палонных

Ірына Верэшчук сустрэлася з кардыналам П'етра Паралінам у Ватыкане. Абмяркоўваліся намаганні па вызваленні ўкраінскіх палонных і вывезеных дзяцей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Намесніца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Ірына Верэшчук правяла 19 верасня 2025 года сустрэчу з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам П'етра Паралінам у Апостальскім палацы, пра што яна паведаміла ў сваім Інстаграме.

"Роля кардынала Параліна мае фундаментальнае значэнне для надання новага імпульсу міжнародным высілкам па вяртанні ўкраінцаў з расійскага палону: ваеннапалонных, цывільных заложнікаў і выкрадзеных дзяцей", - адзначыла намесніца кіраўніка офіса. Паводле яе слоў, прэзідэнт Зяленскі падкрэслівае важнасць аўтарытэту Святога Пасада ў гэтым пытанні.

Пасол Украіны пры Святым Пасадзе Андрэй Юраш, які суправаджаў Верэшчук, назваў сустрэчу "важнай" і заснаванай на "шчырым жаданні спыніць вайну на аснове справядлівага міру".

Днём раней Ірына Верэшчук сустрэлася з кардыналам Матэа Дзупі разам з групай украінскіх жанчын, блізкія якіх з'яўляюцца вязнямі ў расійскіх турмах. У сваім допісе ў Інстаграме яна напісала: "Падчас размовы сем'і вязняў мелі магчымасць непасрэдна выказаць Святому Пасаду свае пакуты і трывогу, а таксама падзяліцца імкненнямі і надзеямі на хуткае вяртанне блізкіх. Былі прадстаўлены спісы вязняў і абмеркаваны магчымыя дзеянні, якія Ватыкан мог бы ажыццявіць, каб садзейнічаць іх вызваленню".

Папа Леў XIV неаднаразова выказваў занепакоенасць лёсам вязняў і прымусова перамешчаных дзяцей падчас канфлікту паміж Расіяй і Украінай, заклікаючы да іх хутчэйшага вяртання ў сем'і і аднаўлення міру ў рэгіёне.
 

20 верасня 2025, 11:18