Ксёндз Міраслаў Вахоўскі Ксёндз Міраслаў Вахоўскі  (ks. Marek Weresa )

Святы Пасад накіроўвае дасведчанага дыпламата ў Ірак

18 верасня 2025 года Леў XIV прызначыў ксяндза Міраслава Вахоўскага, дасведчанага ватыканскага дыпламата, апостальскім нунцыем у Іраку, краіне, якая застаецца ў цэнтры ўвагі Святога Пасада з прычыны складанай палітычнай сітуацыі і пагроз для хрысціянскай супольнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Гэта Касцёл, які захаваў веру не толькі ў перыяды росквіту, але і стаўшы Касцёлам пакутнікаў", - адзначыў ксёндз Вахоўскі, спасылаючыся на цяжкія выпрабаванні іракскіх хрысціян, чыя колькасць рэзка скарацілася пасля вайны 2003 года і наступных рэлігійных пераследаў.

Новапрызначаны нунцый падкрэсліў асаблівую ролю хрысціян у Іраку: "Яны высока цэняцца як уладамі, так і грамадствам, бо з'яўляюцца стабілізуючым фактарам у краіне, якая часта раздзіраецца канфліктамі".

На пытанне пра свае адчуванні ксёндз Вахоўскі адказаў з пакорай: "З вёскі на польскіх Мазурах Пан Бог паклікаў да святарства хлопца без асаблівых талентаў. Я прымаю гэтую місію, спадзеючыся больш на Яго ласку, чым на мае абмежаваныя здольнасці".

Місія ў Іраку набывае для яго асаблівае значэнне: "У юнацтве, прымаючы сакрамэнт канфірмацыі, я выбраў імя Тамаш, думаючы пра апостала Тамаша... а цяпер Бог пасылае мяне як біскупа туды, дзе вера была прынесена менавіта святым Тамашам".

У сваёй новай ролі арцыбіскуп-намінант Вахоўскі бачыць не толькі дыпламатычную функцыю, але перш за ўсё духоўную місію. "Кожны апостальскі нунцый – гэта прадстаўнік Святога Айца, чыё служэнне павінна паглыбляць еднасць паміж мясцовым Касцёлам і Рымам", - падкрэслівае ён.

Дзякуючы нунцыю вернікі могуць адчуваць блізкасць Папы, а Святы Айцец атрымлівае інфармацыю пра радасці і клопаты вернікаў. "Нунцый прадстаўляе Святога Айца перад грамадзянскімі ўладамі, садзейнічаючы годнасці чалавечай асобы, універсальным правам чалавека і працуючы дзеля міру як у краіне служэння, так і ва ўсім свеце", - дадаў ксёндз Вахоўскі.
 

22 верасня 2025, 11:49