Ксёндз Рычард Энтані Д'Соўза падчас сустрэчы з Папам Львом XIV Ксёндз Рычард Энтані Д'Соўза падчас сустрэчы з Папам Львом XIV 

Ватыкан: новы кіраўнік абсерваторыі пра сэнс вывучэння космасу

Новы дырэктар Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі лічыць, што астраномія – найбольш трансцэндэнтная з усіх навук, бо абуджае ў чалавеку ўнутранае імкненне да Бога і паказвае, што вера і навука могуць суіснаваць.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ксёндз Рычард Энтані Д'Соўза, які 19 верасня 2025 года, афіцыйна прыняў кіраўніцтва Ватыканскай астранамічнай абсерваторыяй, перакананы, што галоўнай задачай папскіх астраномаў з'яўляецца паказаць свету, што вера і навука могуць суіснаваць.

Астраномія даследуе паходжанне і канчатковае прызначэнне сусвету

Хоць езуіт толькі зараз прыняў кіраўніцтва, у ліпені ён ужо сустракаўся з Львом XIV у гістарычнай сядзібе гэтай установы ў Кастэль-Гандольфа. "Мы растлумачылі яму дзейнасць абсерваторыі, гісторыю тэлескопаў і бягучыя даследаванні. Папа быў вельмі зацікаўлены і ўважлівы, заахвочваў нас развіваць нашу працу", - расказаў індыйскі святар-астраном у інтэрв'ю для “La Croix”.

Сам ксёндз Д'Соўза спецыялізуецца на "галактычнай археалогіі", вывучаючы ўплыў зліццяў галактык на іх сучасныя ўласцівасці. "На працягу свайго існавання галактыка, такая як наша Млечны Шлях, злучаецца з тысячамі меншых галактык. Каб зразумець, як гэтыя зліцці сфарміравалі нашу сучасную галактыку, трэба аднавіць яе гісторыю, як археолаг аднаўляе мінулае па рэштках", - тлумачыць ён.

У кожным з нас ёсць унутранае напружанне, пастаяннае імкненне да трансцэндэнцыі

Індыйскі езуіт перакананы, што астраномія – найбольш трансцэндэнтная з усіх навук. Ён нагадвае, што начное неба з'яўляецца агульнай спадчынай усяго чалавецтва, і ўсе вялікія цывілізацыі назіралі за небам, спрабуючы адказаць на асноўныя пытанні: адкуль мы прыйшлі, куды ідзём, ці адны мы ў сусвеце?

"Неба дакранаецца да самай сутнасці чалавечай істоты. У кожным з нас, незалежна ад таго, ці мы дзіця ў Сахары, падлетак у Індыі ці прафесар у Гарвардзе, жыве глыбокае захапленне, жаданне пазнаць таямніцу космасу. Гэтае пачуццё абуджае ў нас імкненне да трансцэндэнцыі, тугу па нечым звышзямным. Я люблю параўноўваць гэта з фрэскай Мікеланджэла ў Сіксцінскай капэле: Адам працягвае руку ў напрамку Боскасці", - кажа новы дырэктар ватыканскага астранамічнага цэнтра.

Навуковае пазнанне сусвету як праслаўленне Бога

Навуковец лічыць, што яго вера не ўплывае непасрэдна на навуковую працу, але дае дадатковую матывацыю для разумення боскага стварэння. "Я веру, што Бог стварыў сусвет і што Ён прысутнічае ў ім. Мая навуковая праца можа стаць для мяне формай праслаўлення Бога", - падкрэслівае ён.

Ксёндз Д'Соўза нагадвае, што тэорыя Вялікага Выбуху была распрацавана бельгійскім святаром Жоржам Леметрам. "Аднак чым больш даных мы збіраем пра сусвет, тым менш мы яго разумеем. Сусвет па-ранейшаму супраціўляецца ўсім спробам ухапіць яго ў простыя катэгорыі ці мадэлі з дапамогай навуковых метадаў", - заключае новы дырэктар абсерваторыі.
 

20 верасня 2025, 12:43