Ракета з касетнымі боепрыпасамі Ракета з касетнымі боепрыпасамі  (AFP or licensors)

Святы Пасад: павага да міжнароднага права – не праява слабасці

Тэрмінова неабходна аднавіць мірную раўнавагу ў міжнародных адносінах і працягваць скаардынаваныя намаганні дзеля прасоўвання раззбраення ў імя міру, - нагадаў міжнароднай супольнасці прадстаўнік Святога Пасада.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

16 верасня 2025 года арцыбіскуп Этарэ Балестрэра, Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, прыняў удзел у пасяджэнні дзяржаў-удзельніц Канвенцыі аб касетных боепрыпасах.

Папскі дыпламат назваў “прававым абавязацельствам” спрыянне далучэнню да Канвенцыі большай колькасці краін, “асабліва ў дачыненні да прадастаўлення дапамогі пацярпелым і прадухілення новых ахвяр”.

“Прытрымліванне міжнароднага права і павага да яго, уключаючы міжнароднае гуманітарнае права, не з’яўляюцца праявай слабасці. Наадварот, гэта высакародная форма адказнасці перад усім чалавецтвам. Больш за тое, гуманітарныя дамовы аб раззбраенні ўключаюць не толькі прававыя абавязацельствы, але і маральныя абавязкі перад сучаснымі і будучымі пакаленнямі. Урэшце рэшт, менавіта “сілай розуму, а не сілай зброі, пракладае сабе дарогу справядлівасць”, - сказаў ён.

Арцыбіскуп Балестрэра нагадаў, што Святы Пасад асуджае “выкарыстанне касетных боепрыпасаў ва ўзброеных канфліктах з іх небяспечнымі наступствамі для мірнага насельніцтва”. Ён заклікаў міжнародную супольнасць да супрацоўніцтва і салідарнасці ў дапамозе ахвярам.

Нунцый звярнуў увагу на глыбокі дысбаланс паміж ваеннымі выдаткамі – 2,7 трыльёна долараў у 2024 годзе – і абмежаванымі рэсурсамі, што выдзяляюцца на дапамогу ахвярам канфліктаў, падтрымку бедных, барацьбу з голадам і садзейнічанне цэласнаму развіццю.

“Патрэба забяспечваць уласную абарону не павінна ператварацца ў гонку ўзбраенняў”, - сказаў ён, адзначыўшы, што “законнае і неабходнае” імкненне кожнай краіны бараніць суверэнітэт і бяспеку заўсёды ставіць пытанне пра тое, “наколькі ўзмацненне вайсковай сілы можа спрыяць умацаванню даверу паміж народамі і будаванню трывалага міру”.

“На самай справе права на самаабарону не з’яўляецца абсалютным. Яно павінна суправаджацца не толькі абавязкам мінімізаваць і, па магчымасці, ліквідаваць карані ці пагрозы канфлікту, але і абавязкам абмяжоўваць ваенны патэнцыял толькі тым, што сапраўды неабходна для бяспекі і законнай абароны. Залішняе назапашванне зброі, у тым ліку такой, што мае неабмежаваны і безразборны эфект, хоць часта і дазваляе атрымаць жаданыя стратэгічныя і ваенныя перавагі, адначасова нясе рызыку далейшага раздзьмухвання гонкі ўзбраенняў, падсілкоўвае пагрозы і страхі іншых і спрыяе дэстабілізацыі, якая можа прывесці да драматычных наступстваў для ўсіх. У гэтым кантэксце тэрмінова неабходна аднавіць мірную раўнавагу ў міжнародных адносінах і працягваць скаардынаваныя намаганні дзеля прасоўвання раззбраення ў імя міру”, - сказаў арцыбіскуп Балестрэра.
 

18 верасня 2025, 09:41