Папа Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота Папа Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота 

“Адкрыты розум”: уручэнне прэміі, натхнёнай вучэннем Бэнэдыкта XVI

30 верасня 2025 года ў Палацы Пія IV у Ватыкане пройдзе цырымонія ўручэння прэміі “Ragione aperta” (Адкрыты розум), заснаванай мадрыдскім Універсітэтам Франсіска дэ Віторыі і Ватыканскім фондам Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

З 2016 года ўзнагародай адзначаюцца навуковыя працы, у якіх антрапалагічныя, этычныя, эпістэмалагічныя пытанні, а таксама пытанні пра сэнс існавання разглядаюцца праз прызму розных навук, у тым ліку філасофіі і тэалогіі.

У прэс-рэлізе прэміі адзначаецца, што гэта адпавядае мысленню Ёзэфа Ратцынгера, які перад абліччам культуры пазітывізму і рэлятывізму падкрэсліваў глыбокую фрагментацыю ведаў і празмерную спецыялізацыю ў акадэмічным свеце, папярэджваючы, што гэта не пакідае месца для цэласнага пазнання і абмяжоўвае пошук праўды.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліваў неабходнасць шырокага і адкрытага погляду на розум, яго ролю ў пошуку праўды і адказаў на фундаментальныя пытанні пра чалавека і яго прызначэнне. Падчас цырымоніі, якая адбудзецца ў сядзібе Папскай акадэміі навук пад старшынствам кардынала Курта Коха, прэфекта Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, будуць адзначаны навукоўцы з розных краін свету, якія кіруюцца гэтай канцэпцыяй у сваіх даследаваннях і выкладчыцкай дзейнасці.

Лаўрэатам у намінацыі “Выкладанне” стаў прафесар Хасэ Марыя Таральба з Наварскага ўніверсітэта (Іспанія), які распрацаваў міждысцыплінарны курс “Вялікія кнігі”. Ён рэалізуецца на юрыдычным і медыцынскім факультэтах і прадугледжвае выкладанне профільных дысцыплін з чытаннем класічных твораў філасофіі і літаратуры.

У намінацыі “Даследаванне” пераможцамі сталі: Анджэла Франкс з семінарыі святога Яна ў Бостане (ЗША) за міждысцыплінарны падыход у вывучэнні паняцця тоеснасці; Дэвід Сандэр з Наварскага ўніверсітэта (Іспанія) за распрацоўку “поліцэнтрычнай” канцэпцыі дзяржавы; а таксама Хуан Эдуарда Карэньё з Андыйскага ўніверсітэта ў Сант’яга (Чылі), які ў сваіх даследаваннях спалучае пытанні біялагічнай эвалюцыі і тамісцкай філасофіі.

Ганаровымі ўзнагародамі будуць адзначаны Пабла Лопэс Раса з Універсітэта Франсіска дэ Віторыі ў Мадрыдзе (Іспанія) за мастацтвазнаўчае даследаванне і Сант’яга Белома з Паўднёвага ўніверсітэта ў Буэнас-Айрэсе (Аргенціна) за працу аб уплыве штучнага інтэлекту на адукацыю.

Лаўрэты прэміі “Адкрыты розум” 2025 года былі выбраны журы пад кіраўніцтвам ксяндза Фэдэрыка Ламбардзі, старшыні Ватыканскага фонда Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI, з 410 кандыдатаў з 63 універсітэтаў свету. Сёлета ўзнагарода будзе ўручацца ў сёмы раз. За час існавання прэміі ёй былі адзначаны больш за 30 прац і праектаў з 15 краін свету.
 

25 верасня 2025, 13:10