Ватыкан: апеляцыйны працэс па справе фондаў Святога Пасада
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Апеляцыйны працэс разглядае скаргі на прысуд, вынесены 16 снежня 2023 года. Тады суд прызнаў вінаватымі дзесяць асобаў і прысудзіў ім розныя тэрміны пазбаўлення волі і штрафы за махлярства, карупцыю і іншыя эканамічныя злачынствы.
У цэнтры справы некалькі эпізодаў, у тым ліку – купля-продаж будынка на Sloane Avenue ў Лондане, якая, паводле высноваў суда першай інстанцыі, нанесла Святому Пасаду страты прынамсі на 139 мільёнаў еўра.
Працэс атрымаў назву “суд стагоддзя” з-за сваёй працягласці (86 пасяджэнняў), складанасці і беспрэцэдэнтнасці: упершыню на лаве падсудных апынуўся кардынал – Джавані Анджэла Бэчу. Яму прысудзілі пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі, пажыццёвую забарону займаць дзяржаўныя пасады і штраф. Большасць асуджаных, у тым ліку кардынал Бэчу, заявілі аб сваёй невінаватасці і падалі апеляцыю.
Разгляд справы вядзе калегія суддзяў пад старшынствам арцыбіскупа Алехандра Арэльяна Сэдыльё, дэканa Трыбунала Рымскай Роты. На першым тыдні запланавана пяць пасяджэнняў, якія адбудуцца з 22 па 26 верасня 2025 года.