Бэнэдыкт XVI Бэнэдыкт XVI  (ANSA)

2027 год: святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння Бэнэдыкта XVI

У 2027 годзе ў Касцёле будуць адзначаць стагоддзе з дня нараджэння Бэнэдыкта XVI. Арганізацыяй мерапрыемстваў зоймецца спецыяльны Камітэт.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ватыканскі фонд Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI пачаў падрыхтоўку да святкавання стагоддзя з дня нараджэння Пантыфіка, якое адбудзецца ў 2027 годзе. Паводле інфармацыі, адным з цэнтральных момантаў стане ўрачыстая Імша ў Ватыкане 16 красавіка 2027 года.

Для каардынацыі падрыхтоўкі да юбілею створаны спецыяльны Камітэт, у склад якога ўвайшлі 34 прадстаўнікі з усіх кантынентаў. Яго кіраўніком прызначаны прафесар Раберта Рэголі. У сакратарыят увайшлі некалькі вядомых тэолагаў, сярод якіх прафесар Пабла Бланка Сарта з Іспаніі, лаўрэат “Прэміі Ратцынгера” 2023 года, а таксама прафесар Алесандра Клемэнцыя, айцец Герман Гайслер з Аўстрыі і прафесар П'етра Лука Адзара, які адначасова з'яўляецца сакратаром Камітэта.

Згодна з інфармацыяй Фонду, акрамя ўрачыстай Імшы, на лістапад 2027 года запланаваны міжнародны сімпозіум, які завершыць юбілейныя мерапрыемствы. Ён будзе прысвечаны плённасці і актуальнасці думкі Ёзэфа Ратцынгера ў сучасным кантэксце Касцёла і свету.

Папа Бэнэдыкт XVI, які нарадзіўся 16 красавіка 1927 года ў Баварыі і свецкае імя якога Ёзэф Ратцынгер, узначальваў Каталіцкі Касцёл з 2005 да 2013 года. Ён застаецца адным з найбольш уплывовых тэолагаў XX-XXI стагоддзяў, а яго творы перакладзены на дзясяткі моў свету.
 

18 верасня 2025, 09:41