Юбілей катэхетаў збярэ ў Рыме больш за 20 тысяч удзельнікаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сярод дэлегацый будуць прадстаўнікі Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Францыі, Польшчы, Украіны, ЗША, Аргенціны, Бразіліі, Парагвая, Мексікі, Перу, Калумбіі, Філіпін, Індыі і Аўстраліі.
Юбілей распачнецца раніцай 26 верасня пілігрымкай катэхетаў да Святой Брамы ватыканскай базілікі, дзе ў 18.30 адбудзецца малітоўнае чуванне, якое ўзначаліць арцыбіскуп Рына Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі. У другой частцы літургіі Слова, прысвечанай евангельскаму ўрыўку пра вучняў на шляху ў Эмаус (Лк 24, 13-33), будуць прадстаўлены сведчанні трох катэхетаў з Італіі, Мазамбіка і Мексікі. Яны падзеляцца сваімі гісторыямі служэння ў мясцовых Касцёлах.
У суботу, 27 верасня, на Плошчы Святога Пятра адбудзецца Юбілейная аўдыенцыя, падчас якой Папа Леў XIV звярнецца да ўдзельнікаў з прамовай. У другой палове дня ў касцёлах Рыма пройдуць сустрэчы катэхетаў з біскупамі на шасці мовах: італьянскай, англійскай, партугальскай, іспанскай, французскай і польскай.
Юбілей завяршыцца ў нядзелю, 28 верасня, Святой Імшой на Плошчы Святога Пятра, якую ўзначаліць Пантыфік. Падчас набажэнства 39 чалавек будуць устаноўлены на паслугу катэхета і атрымаюць крыж як сімвал свайго паклікання. Новыя катэхеты паходзяць з Італіі, Іспаніі, Вялікабрытаніі, Партугаліі, Бразіліі, Мексікі, Індыі, Карэі, Усходняга Тымора, ААЭ, Філіпін, ЗША, Мазамбіка, Перу і Дамініканскай Рэспублікі.