Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

“Bambino Gesù”: юбілей і адкрыццё лабараторыі геннай тэрапіі

Ватыканскі педыятрычны шпіталь “Bambino Gesù” адзначае 40-годдзе свайго навуковага статусу і прэзентуе новую лабараторыю, што стане крокам у будучыню медыцыны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У аўторак, 28 кастрычніка 2025 года, у Рыме адбудзецца ўрачыстасць з нагоды 40-годдзя прызнання педыятрычнага шпіталя “Bambino Gesù” Навуковым інстытутам шпіталізацыі і лячэння (Istituto di Ricovero e Cura a Carattere Scientifico). Падзея пад назвай “Даследаванні на карысць лячэння” (La Ricerca x la Cura) збярэ высокапастаўленых прадстаўнікоў Касцёла і італьянскай дзяржавы ў аўдыторыуме філіяла бальніцы каля Базілікі Святога Паўла па-за Мурамі.

Святкаванне стане нагодай, каб асэнсаваць мінулае, сучаснасць і будучыню навуковых даследаванняў у гэтай перадавой медыцынскай установе.

Ключавым момантам сустрэчы стане прэзентацыя новай Лабараторыі геннай тэрапіі. Яе стварэнне фінансуецца Нацыянальным цэнтрам даследаванняў і распрацоўкі геннай тэрапіі і прэпаратаў на аснове РНК у рамках еўрапейскай праграмы “NextGeneration EU”.

У мерапрыемстве возьмуць удзел Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал П’етра Паралін, міністр аховы здароўя Італіі Арацыа Скілачы, прэзідэнт рэгіёна Лацыа Франчэска Рока і мэр Рыма Раберта Гуальцьеры. Таксама выступяць прэзідэнт шпіталя Тыцыяна Анэсці і яго навуковы кіраўнік Андрэа Анэці Муда.

Падзея падкрэслівае важнасць спалучэння веры, навукі і служэння чалавеку, што з'яўляецца асновай дзейнасці папскага шпіталя.
 

25 кастрычніка 2025, 11:21