Фотаздымак з выдання "Патрэты веры" Фотаздымак з выдання "Патрэты веры" 

Міжрэлігійны дыялог у фотаздымках – юбілейны праект у Рыме

У Рыме ў межах юбілейнай праграмы “Адкрытыя дзверы” адбылася прэзентацыя кнігі і мультымедыйнага праекта “Партрэты ў веры”. Аўтар выдання – яўрэйскі фатограф Даніэль Эпштэйн.

Ян Глінскі

Праект быў рэалізаваны ў супрацоўніцтве з Дыкастэрыяй па камунікацыі і платформай „Emotions to Generate Change” (“Эмоцыі для генерацыі зменаў”). Прэзентацыя адбылася 21 кастрычніка 2025 года.

“Партрэты ў веры” прадстаўляюць гісторыі 500 людзей розных рэлігій і духоўных традыцый па ўсім свеце, сабраныя на працягу 25 гадоў Даніэлем Эпштэйнам, які падарожнічаў па свеце, спалучаючы працу з верай.

Як адзначыў падчас прэзентацыі кардынал Джордж Джэйкаб Коавакад, “міжрэлігійны дыялог развіваецца праз асабістыя сустрэчы і выяўляецца праз твары, таму што “кожны партрэт нібы пакідае месца для іншага, у дыялогу, які з’яўляецца разуменнем і прыняццем”.

Удзельнікі прэзентацыі праекта "Партрэты веры"
Удзельнікі прэзентацыі праекта "Партрэты веры"

Прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу перакананы, што ў наш час, калі “адлегласці зніклі, гэтыя фатаграфіі кажуць пра нешта новае: яны не з’яўляюцца паведамленнямі пра непрымірымыя рэальнасці, (…) але гавораць пра агульную чалавечнасць, таму што іншы чалавек з’яўляецца часткай братэрства, якое нас аб’ядноўвае”. У размове з ватыканскім СМІ кардынал адзначыў, што дадзены праект “дазволіў нам сустрэцца з 500 людзьмі, пазнаёміцца з імі, пачуць пра іх жыццё і пра тое, што яны носяць у сабе”, а таксама нагадаў, што “міжрэлігійны дыялог – гэта спроба зразумець і паважаць іншых”.

Як адзначыў прэфект Дыкастэрыі па камунікацыях Паола Руфіні, у наш час твары знікаюць – “мы бачым больш масак, чым твараў”, напрыклад, у сацыяльных сетках. Фотаздымкі ж “фіксуюць выявы і прапануюць іх нам як сувенір; вяртаюць нас да вытокаў таго, кім мы з’яўляемся – братамі і сёстрамі, створанымі па вобразу Божаму”. Па словах Руфіні, здымкі “нагадваюць, што ў дыялогу, у адкрыцці для сябе іншых мы знаходзім сутнасць нашай веры”.

Удзельнікі прэзентацыі праекта "Партрэты веры"
Удзельнікі прэзентацыі праекта "Партрэты веры"

На прэзентацыі прысутнічалі, між іншым, прадстаўнікі італьянскай мусульманскай супольнасці – Імам Вялікай мячэці Рыма Надэр Акад і генеральны сакратар Цэнтра ісламскай культуры Італіі Абдула Рэдуан. Яны заахвоцілі прысутных засяродзіцца на фота, дзе ўвекавечаны абдымкі Папы Францішка з Вялікім імамам Аль-Азхара шэйхам Ахмедам Аль-Таебам у 2019 годзе з нагоды падпісання Дэкларацыі аб чалавечым братэрстве. Гэты здымак выклікае ўяўленне аб “прыгажосці”, якая ляжыць у “нашых сэрцах” і “выяўляецца ў адносінах братэрства”, у якіх “агульныя каштоўнасці –сацыяльная справядлівасць, чалавечая годнасць і мір” – аб’ядноўваюць нас у міжрэлігійным дыялогу.

Дэніэль Эпштэйн, у сваю чаргу, распавёў пра свой шлях, які прывёў яго да адкрыцця каштоўнасці адрозненняў праз разбурэнне “сцяны падзелу”.
 

24 кастрычніка 2025, 08:06