Юбілей і фота: выстава ў Ватыканскіх музеях
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Выстава “Сем касцёлаў Рыма. Юбілейны шлях на фотаздымках Рамуальда Машоні (1849-1925)” адкрылася 9 кастрычніка 2025 года і ўяўляе сабой новы раздзел у гісторыі Ватыканскіх музеяў.
Экспазіцыя размешчана ў залах XVII і XVIII Ватыканскай пінакатэкі, што дае наведвальнікам унікальную магчымасць упершыню пераступіць парог залы XVIII, раней недаступнай для публікі.
Упершыню ў гісторыі Папскіх музеяў: выстава, прысвечаная гістарычнай фатаграфіі
Гэта першая ў гісторыі Папскіх музеяў выстава, прысвечаная гістарычнай фатаграфіі – здымкам, зробленым з 1870-х гадоў да першых трох дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя. Нагодай сталі дзве гадавіны: Юбілей Надзеі 2025 года і сотая гадавіна смерці Рамуальда Машоні, фатографа з Вітэрба, майстра аб'ектыва і адной з найважнейшых постацей у гісторыі Ватыканскіх музеяў. Большая частка яго архіву – каля 15 тысяч шкляных негатываў – захоўваецца тут у фотатэцы.
“Калекцыя Машоні, - тлумачыць дырэктар Барбара Ята, - з’яўляецца сапраўднай жамчужынай калекцыі гістарычнай фатаграфіі. Яна была набыта ў спадчыннікаў у пачатку 1930-х гадоў і сведчыць пра дынамічную дзейнасць, якая вялася на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў”.
Паломніцтва па сямі касцёлах: галоўная тэма выставы, звязаная з Юбілеем
Галоўная тэма выставы цесна звязана са Святым годам – гэта паломніцтва да Сямі касцёлаў, пабожная практыка, вядомая яшчэ з VII стагоддзя, якая рэгулярна існавала пасля першага ў гісторыі Касцёла Юбілею ў 1300 годзе і замацавалася як традыцыя дзякуючы святому Філіпу Нэры падчас Юбілею 1575 года.
Выстава складаецца з сямі частак, кожная з якіх прысвечана аднаму з касцёлаў: базілікам Святога Пятра, Святога Паўла па-за Мурамі, Святога Себасцьяна па-за Мурамі, Святога Яна на Латэране, Святога Крыжа ў Іерусаліме, Святога Лаўрэнція па-за Мурамі і Санта-Марыя-Маджорэ.
Экспазіцыя ўключыла сем негатываў на шкле, багатую калекцыю фотаадбіткаў, а таксама фотаальбом з 36 альбумінавымі адбіткамі, які Машоні выпусціў абмежаваным накладам да Святога 1900 года.
Наведвальнікі могуць ацаніць майстэрства італьянскага фатографа, разглядаючы яго шкляныя пласціны на спецыяльных падсвечаных стэндах.
“Творчасць Машоні, - распавядае ў размове з “Vatican News” Паола Дзі Джамарыя, кіраўнік фотатэкі і куратар выставы, - гэта рамесная праца незвычайнага хараства, якая стала эталонам для наступных пакаленняў фатографаў”.
Выстава таксама дае магчымасць пазнаёміцца з дзейнасцю фотатэкі Ватыканскіх музеяў, якая захоўвае сотні тысяч выяў.