Гвардыя Папы: вяртанне да традыцыйнага мундзіра
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У казармах Папскай швейцарскай гвардыі 2 кастрычніка 2025 года адбылася прэзентацыя абноўленага рэпрэзентацыйнага мундзіра. Падзея адбылася напярэдадні прысягі 27 новых рэкрутаў, запланаванай на 4 кастрычніка 2025 года. Новы строй не заменіць знакаміты каляровы парадны мундзір, але запоўніць прабел паміж штодзённай і ганаровай формай.
Так званы паўпарадны мундзір быў у выкарыстанні з пачатку XIX стагоддзя да 1976 года. Праца над яго аднаўленнем пачалася ў 2011 годзе, а канчатковая версія, зацверджаная з нагоды Юбілейнага года, стала вынікам гістарычных даследаванняў. Чорны строй складаецца з кепі, двухбортнага пінжака з каўняром-стойкай і штаноў з лампасамі, аздобленых залатымі элементамі.
Цырымонія прысягі новых гвардзейцаў сёлета пройдзе ва ўрачыстасць святога Францішка Асізскага. Традыцыйная дата 6 мая была зменена з прычыны смерці Папы Францішка.
Рэкруты прысягнуць на вернасць Папу Льву XIV, выказваючы гатоўнасць аддаць жыццё за яго. Служба ў гэты выключны год, адзначаны Юбілеем і абраннем новага Пантыфіка, як заявілі ў Швейцарскай гвардыі, з’яўляецца для іх асаблівым гонарам.