Паралін: хрысціянскае спачуванне выяўляецца ў клопаце пра хворых
Vatican News
28 кастрычніка 2025 года ў філіяле клінікі “Bambino Gesù” каля Базілікі святога Паўла па-за мурамі адбылася ўрачыстая сустрэча “Даследаванні на карысць лячэння”, у якой Святы Пасад прадставіў кардынал П’етра Паралін.
Дзяржсакратар адзначыў, што шпіталь заўсёды імкнецца прыняць усіх, асабліва калі яны паходзяць з месцаў, дзе пануюць беднасць і ўзброеныя канфлікты. Ён нагадаў пра дапамогу 31 маленькаму пацыенту з Палесціны, прынятаму на лячэнне ў клініку.
Навука і чалавечнасць ідуць разам
Кардынал Паралін нагадаў, што з моманту атрымання статусу навукова-даследчага інстытута ў 1985 годзе шпіталь прайшоў шлях “даследаванняў і клопату, прыхільнасці, інтэлекту і запалу”, на працягу якога навука і чалавечнасць ішлі побач, служачы дзецям і іх сем’ям.
Спачуванне ў лячэнні хворых
Кардынал Паралін нагадаў пра Апостальскую адгартацыю “Dilexi te”, у якой Леў XIV гаворыць, што хрысціянскае спачуванне выяўляецца найперш у клопаце пра хворых і тых, хто пакутуе. Гэты клопат – “не проста жэст дабрачыннасці, а касцёльная місія, праз якую Касцёл дакранаецца да цела Хрыста”. Менавіта гэтую “місію клопату” працягвае шпіталь “Bambino Gesù”.
Вынікі і дасягненні шпіталя
Дзяржсакратар падкрэсліў важнасць абмену ведамі, сумеснай працы ў камандзе і этычнага выкарыстання тэхналогій на карысць чалавецтва.
Сярод галоўных поспехаў шпіталя ён адзначыў першую ў Італіі дзіцячую трансплантацыю сэрца (1986 год) і першы выпадак геннай тэрапіі цвёрдых пухлін (2018 год). Новая лабараторыя геннай тэрапіі стане значным крокам у даследаваннях і лячэнні анкагематалагічныя і імуналагічных захворванняў у дзяцей.
Людзі, якія стаяць за дасягненнямі
Кардынал Паралін нагадаў, што за кожным медыцынскім поспехам стаяць людзі – урачы, даследчыкі, дзеці і сем’і, якія атрымалі надзею. Ён заклікаў не спыняцца перад цяжкасцямі, шукаць шлях там, дзе яго, здаецца, няма, як у евангельскай гісторыі пра аздараўленне паралізаванага.
Напрыканцы прамовы іерарх даручыў клініку заступніцтву святога П’ера Джорджа Фрасаці, звязанага з сям’ёй Сальвіяці, якая заснавала шпіталь у 1869 годзе.