Сястра Энн Ну Таўнг з Кангрэгацыі сясцёр святога Францішка Ксаверыя на каленях перад сіламі бяспекі ў горадзе М’ічына, М’янма, моліць аб міры і спыненні насілля Сястра Энн Ну Таўнг з Кангрэгацыі сясцёр святога Францішка Ксаверыя на каленях перад сіламі бяспекі ў горадзе М’ічына, М’янма, моліць аб міры і спыненні насілля 

Дзяржсакратар: 5,4 мільярда людзей без свабоды рэлігіі

Выступаючы на прэзентацыі новай “Справаздачы аб рэлігійнай свабодзе ў свеце”, падрыхтаванай Папскім фондам “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”, кардынал Паралін заявіў, што 5,4 мільярда людзей не могуць свабодна вызнаваць сваю веру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

21 кастрычніка 2025 года Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы выступіў з прамовай на прэзентацыі 25-й “Справаздачы аб рэлігійнай свабодзе ў свеце”, падрыхтаванай Папскім фондам “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” (ACN).

Ён звярнуў увагу на трывожныя даныя: у 62 са 196 краін свету свабода веравызнання жорстка абмежавана, што закранае каля 5,4 мільярда чалавек. Гэта значыць, што амаль дзве трэці насельніцтва планеты жывуць ва ўмовах сур’ёзных парушэнняў гэтага права. Іерарх падкрэсліў, што сёлетняя справаздача з’яўляецца самай аб’ёмнай за ўсю гісторыю, што сведчыць пра штогадовае пагаршэнне сітуацыі.

У сваёй прамове Дзяржсакратар нагадаў пра 60-годдзе дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабору “Dignitatis Humanae”, якая сцвярджае, што ісціна не можа навязвацца інакш, як сілай самой ісціны. Ён нагадаў дактрыну, абагульненую ў словах святога Паўла VI: “Nemo impediatur! Nemo cogatur!” (Нікому не перашкаджаць! Нікога не прымушаць!).

Кардынал Паралін падкрэсліў, што свабода веравызнання з’яўляецца не прывілеяй, а неад’емным правам кожнага чалавека, створанага на вобраз Божы.

Спасылаючыся на словы Папы Льва XIV, ён адзначыў, што “не можа быць міру без свабоды веравызнання”, і заклікаў абараняць і прасоўваць гэтае права ў штодзённым жыцці.
 

21 кастрычніка 2025, 12:02