Будуць беатыфікаваны мучанікі нацызму і камунізму
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас аўдыенцыі для кардынала Марчэла Сэмерара, прэфекта Дыкастэрыі па справах кананізацыі, якая адбылася 24 кастрычніка 2025 года, Святы Айцец упаўнаважыў абнародаванне новых дэкрэтаў, якія набліжаюць да хвалы алтароў новых сведак веры.
Дэкрэты датычаць найперш мучаніцтва. Касцёл афіцыйна прызнаў мучаніцкую смерць Слуг Божых Яна Сверца і васьмі яго паплечнікаў, польскіх святароў-салезіянаў, забітых з нянавісці да веры ў 1941-1942 гадах у нацысцкіх канцлагерах Аўшвіц і Дахау. Таксама прызнана мучаніцтва чэхаславацкіх дыяцэзіяльных святароў Яна Булы і Вацлава Дрболы, якія сталі ахвярамі камуністычнага рэжыму ў 1951-1952 гадах у горадзе Іглава.
Разам з гэтым былі зацверджаны дэкрэты аб гераічнасці цнотаў чатырох іншых Слуг Божых, чыё жыццё было ўзорным прыкладам хрысціянскай дасканаласці. Сярод іх – італьянскі дыяцэзіяльны святар Анджэла Анджоні (1915-2008), заснавальнік Місіянерскага інстытута Беззаганнага Сэрца Марыі. Таксама былі прызнаны цноты іспанскага дамініканіна Хасэ Мерына Андрэса (1905-1968) і італьянскага кармеліта босага Джаакіна ад Каралевы Супакою, у свеце Леонэ Раманьіна (1890-1985). Спіс завяршае іспанская манахіня-цыстэрцыянка з XVII стагоддзя Марыя Эванхеліста Кінтэра Мальфас (1591-1648), чыё духоўнае жыццё было прыкладам глыбокай веры.
Абнародаванне дэкрэтаў аб мучаніцтве адкрывае прамы шлях да беатыфікацыі гэтых Слуг Божых, у той час як прызнанне гераічнасці цнотаў з'яўляецца важным крокам, пасля якога для абвяшчэння благаслаўлёным неабходна зацвярджэнне цуду, здзейсненага праз іх заступніцтва.