Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН 

Святы Пасад: правы чалавека – аснова справядлівага грамадства

Рэлігійная свабода – лакмусавая папера павагі да ўсіх іншых правоў чалавека і асноўных свабод, адзначыў арцыбіскуп Габрыэле Кача падчас пасяджэння Трэцяга камітэта 80-й Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Сучасны свет стаіць перад значнымі выклікамі: канфліктамі і гвалтам, беднасцю і голадам, абмежаваннем правоў і сацыяльнай фрагментацыяй”, - сказаў пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ААН. Ён заўважыў, што эфектыўнасць арганізацыі часта стрымліваецца палітычнай палярызацыяй і фінансавымі цяжкасцямі. У гэтым кантэксце, на думку іерарха, неабходныя “ўважлівыя разважанні, інавацыйнае мысленне і смелыя рашэнні”.

Папскі дыпламат нагадаў, што “стварэнне ААН стала вынікам скаардынаваных намаганняў міжнароднай супольнасці для ліквідацыі глыбокіх сацыяльных, культурных, эканамічных, маральных і духоўных ран, нанесеных Другой сусветнай вайной”. Ён падкрэсліў, што арганізацыя была заснавана на агульных каштоўнасцях і прынцыпах шматбаковага супрацоўніцтва, а адной з такіх каштоўнасцяў стала павага да правоў чалавека, як аснова чалавечага дабрабыту.

Рэформа ААН патрабуе вяртання да гэтых фундаментальных прынцыпаў і адбору элементаў, якія па-ранейшаму важныя, умацавання таго, што патрабуе падтрымкі, і адкідання непатрэбнага, - сказаў прадстаўнік Святога Пасада.

Арцыбіскуп Кача падкрэсліў, што цэнтральным прынцыпам ААН з’яўляецца абарона правоў чалавека. Іх прызнанне і ўкараненне спрыяе роўнасці, павазе да розных груп, барацьбе з дыскрымінацыяй і абароне ўразлівых людзей, што ўмацоўвае справядлівае і гарманічнае грамадства, - сцвердзіў ватыканскі дыпламат.

Прадстаўнік Папы заўважыў, што сёння інтэрпрэтацыя правоў чалавека часам выходзіць за межы закону і кансэнсусу, што можа прыводзіць да непрадбачаных наступстваў і служыць інструментам ідэалагічнай каланізацыі. Гэта праяўляецца ў навязванні чужых культурных мадэляў, ігнараванні традыцый і рэлігійных сувязей народаў, а таксама ў канцэнтрацыі ўвагі толькі на правах асоб без уліку абавязкаў перад найбольш слабымі і ўразлівымі: беднымі, мігрантамі, пажылымі, хворымі і нованароджанымі.

Арцыбіскуп Кача таксама падкрэсліў важнасць рэлігійнай свабоды. Ён адзначыў, што Святы Пасад абараняе яе цэнтральную ролю “не таму, што ігнаруе іншыя свабоды, а таму, што яна з’яўляецца лакмусавай паперай павагі ўсіх іншых правоў чалавека і асноўных свабод”.
 

10 кастрычніка 2025, 12:19