Марыйная выява з Венесуэлы з'явілася ў Ватыканскіх садах
Ян Глінскі
Мазаіка, якая прадстаўляе Марыю на троне з дзесяцігадовым Езусам на руках, была адкрыта ў так званым Bastione di Maestro (фрагмент сцен вакол Ватыкана, якія некалі выконвалі абарончую функцыю). Аўтарам твора з’яўляецца венесуэльскі мастак Луіс Энрыке Магальёна.
Як падкрэсліў генеральны сакратар Губернатарата арцыбіскуп Эміліа Напа, “гэтая выява – не проста твор мастацтва, а сімвал веры мільёнаў вернікаў, якія ўшаноўваюць Марыю як Маці, якая прыносіць надзею і адвагу сярод цяжкасцяў, як Тую, якая прыходзіць з дапамогай і суцяшэннем”.
Маці Божая Карамоцкая была абвешчана заступніцай Венесуэлы 7 кастрычніка 1944 года Папам Піем XII. Стварэнне мазаікі ў Ватыканскіх садах стала магчымым дзякуючы падтрымцы Біскупскай канферэнцыі ў Венесуэле і пасольству Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла пры Святым Пасадзе.
У Ватыканскіх садах знаходзіцца больш за сорак выяў Маці Божай, якія адкрываліся там падчас розных пантыфікатаў. Гэта месцы, дзе Папы праводзілі час у малітве і роздумах. Найбуйнейшым марыйным аб’ектам з’яўляецца рэканструкцыя грота аб’яўленняў у Лурдзе, пабудаванага падчас пантыфікатаў Льва XIII і Пія X. Побач з гротам знаходзіцца фігура Маці Божай Фацімскай, адкрытая святым Янам Паўлам II у 1983 годзе як вотум за выратаванне яго жыцця пасля замаху. Побач з верталётнай пляцоўкай знаходзіцца фігура Марыі, выкананая на ўзор Чэнстахоўскай Мадонны, – падарунак айцоў Ордэна паўлінаў у Польшчы (1994 год).