Гольфкар, пастаўлены кампаніяй “Exelentia” для папскай рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа Гольфкар, пастаўлены кампаніяй “Exelentia” для папскай рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа 

Ватыкан умацоўвае экалагічную мабільнасць

Ватыкан прадставіў новую флатылію электрычных транспартных сродкаў, скіраваную на развіццё ўстойлівай і безвугляроднай мабільнасці на тэрыторыіі самой дзяржавы і экстэрытарыяльных лакацый.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пачатак новага этапу экалагічнай мабільнасці ў Ватыкане звязаны з супрацоўніцтвам паміж Дзяржавай Ватыкан і італьянскай кампаніяй “Exelentia”, якая спецыялізуецца на тэхналогіях з нулявымі выкідамі. Новая ініцыятыва, што закранае ўсе асноўныя службы Касцёла, мае на мэце зменшыць узровень забруджвання і павысіць эфектыўнасць транспарту ў цэнтры Каталіцкага Касцёла.

Новыя аўтамабілі для Папы і службаў

Пасля перадачы двух электрамабіляў для асабістага карыстання Папы Льва XIV, кампанія паставіла шырокі асартымент эксплуатацыйных транспартных сродкаў для розных устаноў Дзяржавы Ватыкан: жандармерыі, пажарнай аховы, службаў дарожнага абслугоўвання і тэхнічнага кантролю. Мадэлі падзелены на дзве асноўныя катэгорыі – легкавыя і транспартныя аўтамабілі.

Ратавальныя і пажарныя падраздзяленні

Кампактныя і манеўраныя мадэлі прызначаны для аператыўных патрэб падраздзяленняў бяспекі і ратавання. Версіі для пажарнай аховы, афарбаваныя ў чырвоны колер, абсталяваныя для перавозкі сродкаў першай дапамогі, у той час як белыя аўтамабілі жандармерыі дапамагаюць у патруляванні і кантролі парадку на тэрыторыі Ватыкана.

Энергазберагальныя транспартныя сродкі

Для лагістычных патрэб укаранілі розныя віды транспартных машын сярэдняга і вялікага памеру – фургоны, самазвалы і платформавыя аўтамабілі. Яны прыстасаваныя для працы ў садах, пры падрыхтоўцы літургічных мерапрыемстваў і тэхнічным забеспячэнні ўрачыстасцяў.

Частка аўтамабіляў мае здымныя бакавыя панэлі і спецыяльныя сістэмы для беражлівага перавозу раслін і далікатных прадметаў.

Мабільнасць дзеля агульнага дабра

Флатылію таксама дапаўняюць шасці- і васьмімясцовыя электрычныя аўтобусы, што выкарыстоўваюцца для перавозкі наведвальнікаў у Ватыканскіх садах і Папскіх вілах.

Паводле прадстаўнікоў Ватыкана, праект пацвярджае імкненне Святога Пасада да ўмацавання культуры адказнага карыстання прыроднымі рэсурсамі.
 

07 кастрычніка 2025, 10:52