“Зачараваныя цудам”: космас у Ватыканскіх садах
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Выстава, прымеркаваная да Юбілею 2025 года, адкрыецца для публікі 3 лістапада 2025 года ў новым Цэнтры для наведвальнікаў Ватыканскай абсерваторыі (Specola Vaticana) у Кастэль-Гандольфа. Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Універсітэтам Джонса Хопкінса і Навуковым інстытутам касмічнага тэлескопа (Space Telescope Science Institute).
Наведвальнікі змогуць убачыць шырокафарматныя каляровыя здымкі знакавых касмічных аб’ектаў, такіх як палярныя ззянні Юпітэра і зорныя яслі. Кожная выява будзе суправаджацца каментарыем вядучых сусветных астрафізікаў, якія раскрыюць навуковыя адкрыцці, што стаяць за гэтай касмічнай прыгажосцю.
Брат Гай Кансалманьё, дырэктар-эмерыт Ватыканскай абсерваторыі, падкрэсліў, што “паказаць прыгажосць гэтых здымкаў і звязаныя з імі цудоўныя навуковыя адкрыцці – гэта спосаб аддаць славу іх Стварыцелю”.
У сваю чаргу, астрафізік Рэй Джаявардхана з Універсітэта Джонса Хопкінса назваў гэтыя выявы “катэдрамі здзіўлення і ведаў”.
Выстава будзе працаваць да лета 2026 года, пасля чаго ўвойдзе ў пастаянную калекцыю Папскага палаца. Забраніраваць візіт можна праз афіцыйны сайт Ватыканскіх музеяў.