Мячэць Айя-Сафія ў Ізніку (былы храм Святой Сафіі), дзе ў 787 годзе адбыўся Другі Нікейскі сабор Мячэць Айя-Сафія ў Ізніку (былы храм Святой Сафіі), дзе ў 787 годзе адбыўся Другі Нікейскі сабор  (ANSA)

Кардынал Кох: Нікейскі юбілей і візіт Папы зблізіць хрысціян

Першы замежны візіт Льва XIV у Турцыю стане магутным імпульсам для веры і адзінства хрысціян, перакананы прэфект ватыканскай Дыкастэрыі кардынал Курт Кох.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв'ю аўстрыйскаму каталіцкаму агенцтву "Kathpress" прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству падкрэсліў нязменную важнасць рашэнняў Сабору ў Нікеі. Менавіта яго 1700-гадовы юбілей стаў нагодай для папскага візіту, які пачнецца ў бліжэйшы чацвер, 27 лістапада 2025 года.

Кардынал Кох патлумачыў, што менавіта ў Нікеі была сфармулявана "найвялікшая таямніца, якую ведае хрысціянская вера". Сёння, як і стагоддзі таму, у цэнтры ўвагі застаецца пытанне: кім з'яўляецца Езус Хрыстус для вернікаў? Адказ, знойдзены айцамі Сабору, мае значэнне "на ўсе часы": Езус ёсць "цалкам чалавекам і цалкам Богам".

Гаворачы пра адзінства хрысціян, іерарх адзначыў "велізарнае экуменічнае значэнне" ўдзелу Пантыфіка ў юбілеі. Важна, што запрашэнне накіраваў Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей I, а ў цырымоніях прымуць удзел дэлегацыі розных канфесій.

Удзел Папы ў гэтых сумесных урачыстасцях, несумненна, будзе мець выключнае значэнне. На думку кардынала Коха, які будзе суправаджаць Льва XIV у якасці адказнага з боку Святога Пасада за экуменічныя пытанні, гэта можа надаць новы імпульс дыскусіям на тэму сумеснай экуменічнай практыкі пятровага служэння.

Закранаючы палітычнае вымярэнне паездкі, ватыканскі прэфект выказаў меркаванне, што прэзідэнт Турцыі пазітыўна ацэньвае гэтую важную хрысціянскую сустрэчу ў сучасным Ізніку (былая Нікея).

Кардынал звярнуў увагу на тое, што без запрашэння турэцкага лідара візіт быў бы немагчымы. Сустрэча Льва XIV з Рэджэпам Таіпам Эрдаганам у Анкары стане важным пунктам праграмы яго першага замежнага падарожжа.
 

24 лістапада 2025, 11:25