Кардынал Паралін: клімат – шанец для шматбаковасці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дзяржаўны сакратар Яго Святасці, які ўзначальвае дэлегацыю Святога Пасада на Кліматычным саміце перад 30-й Канферэнцыяй ААН (COP30) у бразільскім Белеме, падкрэсліў неадкладную неабходнасць пераходу ад дэкларацый да канкрэтных спраў.
У інтэрв’ю для “Vatican News”, цытуючы святога Паўла, ён адзначыў, што “часу мала”, і заклікаў сусветных лідараў выконваць ужо ўзятыя на сябе абавязацельствы па скарачэнні выкідаў, дапамозе найбольш уразлівым краінам і павышэнні ўстойлівасці.
Паводле кардынала Параліна, асноўны ўклад Святога Пасада і мясцовых Касцёлаў заключаецца не ў тэхнічных рашэннях, а ў тым, каб “даць этычны адказ” на праблему, павышаючы ўзровень свядомасці грамадства праз фармацыю і адукацыю. Больш за тое, супольная праца над кліматычнымі выклікамі можа стаць магчымасцю для адраджэння шматбаковай дыпламатыі, якая перажывае глыбокі крызіс.