Галахер: маральна непрымальна будаваць мір на пагрозах знішчэння
Аляксандр Панчанка - Vatican News
13 лістапада 2025 года на Тэалагічным факультэце Цэнтральнай Італіі ў Фларэнцыі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер прачытаў лекцыю на тэму “Ядзерная пагроза: новыя сцэнарыі рызыкі і ўдзел хрысціян”.
На думку іерарха, пагроза для сучаснага свету ўзрастае праз ідэю, “маральна неапраўдальную і стратэгічна непрымальную”, нібыта бяспеку можна пабудаваць на пагрозе “поўнага знішчэння”. “Раўнавага, заснаваная на запалохванні і ўзаемнай дэманстрацыі сілы, ніякім чынам не можа забяспечыць сапраўдны мір: наадварот, гэта садзейнічае павелічэнню рызыкі і разбуральных маштабаў магчымага канфлікту”, - адзначыў ён.
Папскі дыпламат асаблівым чынам падкрэсліў актуальнасць слоў святога Яна Паўла ІІ, сказаных яшчэ ў 2000 годзе, пра тое, што “чалавецтва сёння валодае сродкамі неверагоднай магутнасці і можа ператварыць гэты свет у сад або ў кучу развалін”.
Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што мір, “бяззбройны і раззбройваючы, пакорны і трывалы”, аб якім казаў Леў XIV, патрабуе дыялогу і мірных сродкаў вырашэння міжнародных спрэчак. “Не запалохванне, а братэрства; не ўльтыматумы, а дыялог. Мір прыйдзе не як вынік перамогі над ворагам, а як плод сеяння справядлівасці і мужнага прабачэння”, - нагадаў ён словы Святога Айца.
Ватыканскі іерарх заўважыў, што многія папярэднікі Льва XIV шматразова заяўлялі аб непрымальнасці вырашэння канфліктаў вайной. Ён прыгадаў словы Яна Паўла ІІ пра тое, што “вайна павінна стаць трагічным мінулым, гісторыяй; ёй не павінна быць месца ў планах чалавецтва на будучыню”.
Арцыбіскуп Галахер прывёў таксама выказванне Папы Францішка пра тое, што “калі ахвяры гвалту здолеюць устаяць перад спакусай адпомсціць, яны змогуць стаць найбольш пераканаўчымі прыхільнікамі негвалтоўных міратворчых працэсаў”.
“Некантраляваная разбуральная сіла, здольная знішчыць бясконцую колькасць нявінных мірных жыхароў, патрабуе глыбокага асэнсавання, сумленнага дыялога паміж рознымі суб’ектамі і рашучых намаганняў па вызначэнні цвёрдых прынцыпаў”, - падкрэсліў арцыбіскуп, дадаўшы, што толькі так можна будзе рухацца да дэмілітарызаванага міру, умацоўваючы ўзаемны давер і прасоўваючы культуру міру.