Упершыню за доўгі час: бюджэт Ватыкана выйшаў у плюс
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сакратарыят па эканамічных пытаннях Святога Пасада 26 лістапада апублікаваў зводны бюджэт за 2024 год, які паказвае прафіцыт у 1,6 мільёна еўра. Год таму сітуацыя была зусім іншай: тады не хапала 51,2 мільёна еўра, каб пакрыць усе выдаткі.
Як удалося выйсці ў плюс
Паляпшэнне адбылося дзякуючы тром асноўным фактарам. Па-першае, агульны дэфіцыт (калі выдаткі перавышаюць даходы) скараціўся амаль удвая – з 83 да 44 мільёнаў еўра. Па-другое, даходы павялічыліся на 79 мільёнаў. Гэта адбылося галоўным чынам дзякуючы большым ахвяраванням вернікаў і паляпшэнню працы ватыканскіх шпіталяў. Па-трэцяе, удалося ўтрымаць выдаткі пад кантролем, нягледзячы на інфляцыю і павелічэнне зарплаты супрацоўнікаў.
Асобна выдзяляецца поспех у кіраванні фінансавымі інвестыцыямі. Тут Святы Пасад зарабіў 46 мільёнаў еўра – больш, чым год таму. Гэтыя грошы дапамаглі пакрыць дэфіцыт бягучых выдаткаў. Частка прыбытку прыйшла ад продажу некаторых даўніх інвестыцый, якімі Святы Пасад валодаў шмат гадоў.
Што, калі не лічыць шпіталі
Калі выключыць з разлікаў ватыканскія шпіталі (якія маюць свае асаблівасці ў фінансаванні), то прафіцыт выглядае яшчэ лепш – 18,7 мільёна еўра.
Аднак ватыканскія эканамісты папярэджваюць: не варта спяшацца з высновамі. Частка плюса – гэта аднаразовы эфект ад продажу маёмасці, а не пастаянныя сталыя даходы. Каб зразумець, ці гэта сапраўды пераломны момант, трэба пачакаць яшчэ некалькі гадоў.
На што ідуць грошы
У справаздачы падрабязна тлумачаць, як выдаткоўваюцца 393 мільёна еўра на апостальскую місію і папскія фонды (без шпіталяў). Большасць грошай – 83 працэнты – ідзе на пяць галоўных накірункаў. Найбольшая частка, 37 працэнтаў або 146 мільёнаў еўра, накіравана на падтрымку мясцовых Касцёлаў у складаных сітуацыях і на евангелізацыю.
Далей ідуць выдаткі на дзейнасць, звязаную з ажыццяўленнем культу, і на евангелізацыю (14 працэнтаў), абвяшчэнне папскага паслання (12 працэнтаў), утрыманне нунцыятур па ўсім свеце (10 працэнтаў) і дабрачынную дзейнасць (10 працэнтаў). Астатнія 17 працэнтаў ідуць на арганізацыю касцельнага жыцця, ахову гістарычнай спадчыны і адукацыйныя ўстановы.