Святы Пасад занепакоены ростам колькасці ахвяр гандлю людзьмі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Дарадца місіі Пастаяннага назіральніка Святога Пасада пры ААН ксёндз Марка Фарміка прыняў удзел у пасяджэнні высокага ўзроўню, прысвечаным ацэнцы Глабальнага плана дзеянняў ААН па барацьбе з гандлем людзьмі, якое прайшло ў Нью-Ёрку 25 лістапада 2025 года.
Ватыканскі дыпламат пацвердзіў нязменную занепакоенасць Касцёла ростам колькасці ахвяр гэтага злачынства, асабліва дзяцей без суправаджэння дарослых або разлучаных з сем’ямі. Ён адзначыў, што дзяўчынкі найчасцей трапляюць у сексуальную эксплуатацыю, а хлопчыкі – у прымусовую працу, крымінальную дзейнасць і жабрацтва. Абедзве формы эксплуатацыі падрываюць іх дадзеную Богам годнасць.
Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў, што, нягледзячы на пэўны прагрэс, сеткі гандляроў людзьмі працягваюць выкарыстоўваць уразлівасць, выкліканую беднасцю, надзвычайнымі гуманітарнымі сітуацыямі і нізкім узроўнем развіцця. Злоўжыванне сучаснымі тэхналогіямі таксама спрыяе вярбоўцы ахвяр і кантролю над імі. Важна павярнуць гэтую тэндэнцыю ў адваротны бок і гарантаваць, каб тэхналогіі, у тым ліку штучны інтэлект, служылі чалавечай годнасці, справядлівасці і агульнаму дабру, - падкрэсліў дыпламат.
Ад імя Святога Пасада ксёндз Фарміка прывітаў меры, замацаваныя ў Палітычнай дэкларацыі 2025 года – новым дакуменце ААН па барацьбе з гандлем людзьмі. Гаворка ідзе пра такія абавязацельствы, як актывізацыя міжнароднага супрацоўніцтва па прадухіленні ўсіх форм гандлю людзьмі, абарона ахвяр, своечасовае ўз’яднанне сем’яў і ўзмацненне мер крымінальнага правасуддзя.
Прадстаўнік Святога Пасада звярнуў увагу на некаторыя праблемныя фармулёўкі дакумента, якія тычацца: сурагатнага мацярынства – практыкі, якая абражае годнасць як жанчыны, так і дзіцяці; паняцця “паслугі па ахове сексуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя”, якое не павінна ўключаць аборт; а таксама тэрміна “гендар”, які для Святога Пасада засноўваецца на біялагічнай ідэнтычнасці, мужчынскай або жаночай.
“Перад абліччам войнаў, тэрарызму, гандлю людзьмі і паўсюднай агрэсіі нашы дзеці і моладзь маюць патрэбу ў вопыце, які вучыць культуры жыцця, дыялогу і ўзаемнай павазе”, - працытаваў словы Льва XIV напрыканцы сваёй прамовы ксёндз Фарміка.