Рым спявае: 35 тысяч харыстаў на Юбілеі
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Вечны горад перажывае ў гэтыя выхадныя адну з найбольш гучных і ўзнёслых падзей Святога года – Юбілей Хораў і Музычных Калектываў.
Дзясяткі тысяч выканаўцаў сакральнай музыкі – прафесіяналы і аматары, прадстаўнікі парафіяльных, дыяцэзіяльных і акадэмічных супольнасцей – сабраліся разам, каб напоўніць ватыканскія і рымскія святыні супольнай малітвай, выказанай праз спеў.
Праграма юбілейных урачыстасцей распачалася ў суботу 22 лістапада 2025 года раніцай з аўдыенцыі на Плошчы Святога Пятра, падчас якой да пілігрымаў звярнуўся Папа Леў XIV. Адразу пасля сустрэчы са Святым Айцом харысты атрымалі магчымасць прайсці праз Святую Браму ватыканскай базілікі.
У другой палове дня для ўдзельнікаў былі арганізаваны пілігрымкі да Святых Брам іншых папскіх базілік: святога Яна на Латэране, святога Паўла па-за Мурамі і Маці Божай Вялікай.
Ва ўсіх юбілейных касцёлах горада вернікі маглі прыступіць да сакрамэнту споведзі, а ўвечары больш як дзевяноста рымскіх храмаў пачуюць спеў юбілейных хораў.
Адзін голас праз стагоддзі
Кульмінацыяй падзеі стане нядзельная святая Імша, якую 23 лістапада ў 10.30 на Плошчы Святога Пятра ўзначаліць Папа Леў XIV з удзелам тысяч харыстаў. Гэта будзе магутным сведчаннем супольнасці музыкі і веры.
У другой палове дня ў нядзелю адбудзецца юбілейны канцэрт "Una sola voce nei secoli" – "Адзіным голасам праз вякі", падрыхтаваны Дыкастэрыяй па евангелізацыі. Ён стане часткай цыкла "Гармоніі надзеі" і шырокай праграмы "Юбілей – гэта культура".
Чатыры гістарычныя касцёлы ў цэнтры Рыма ператворацца ў сцэны для музычнага пілігрымавання праз гісторыю сакральнай музыкі. Ад рэнесанснай паліфаніі Палестрыны і дэ Вікторыі, праз барочнае гучанне Шарпанцье і Тарціні, да больш сузіральнай музыкі сучаснай эпохі – харысты прадэманструюць, як на працягу стагоддзяў розныя традыцыі выказвалі адну і тую ж непарушную веру Касцёла.