Дзяржсакратар адкрыў у Рыме рэабілітацыйны цэнтр імя Яна Паўла I

Кардынал П’етра Паралін асвяціў новы рэабілітацыйны цэнтр імя Яна Паўла I у раёне Раманіна на ўскраіне Рыма. Амбулаторыя будзе аказваць дапамогу дзецям і дарослым з парушэннямі кагнітыўнай сферы і паводзін.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Выступаючы 11 лістапада 2025 года на адкрыцці цэнтра, Дзяржсакратар адзначыў, што постаць Яна Паўла I павінна служыць усім натхненнем і ўзорам. “Недастаткова змясціць яго імя на шыльдзе, трэба натхняцца яго ўчынкамі, асабліва яго вялікай міласэрнасцю”. Ян Павел I вучыў, што “любіць Бога – значыць любіць бліжняга. Гэтыя дзве любові – неразлучныя блізняты”, - нагадаў іерарх. Разам з пастулятарам Стефаніяй Фаласка ён перадаў цэнтру рэліквію благаслаўлёнага Яна Паўла I – начную кашулю, якая будзе захоўвацца ў спецыяльнай вітрыне.

Новы рэабілітацыйны цэнтр прапануе спецыялізаваныя медыцынскія паслугі для дзяцей і дарослых з фізічнымі, сэнсарнымі і псіхічнымі парушэннямі. У ім будзе выкарыстоўвацца комплексны падыход: сеансы індывідуальнай псіхатэрапіі, кагнітыўнай і маторнай рэабілітацыі, кансультацыі спецыялістаў і падтрымка бацькоў. Першыя кансультацыі – бясплатныя. Увага да пацыента і яго сям’і будзе спалучацца з супрацоўніцтвам з сацыяльнымі службамі і школамі.

Цэнтр займае плошчу 256 квадратных метраў, мае 9 кабінетаў, трэнажорную залу для амбулаторнага і рэабілітацыйнага лячэння пацыентаў з аўтызмам, спецыфічнымі парушэннямі навучання, кагнітыўнымі і паводзінавымі парушэннямі, складанымі сэнсарнымі і рухальнымі парушэннямі, а таксама нейрадэгенератыўнымі захворваннямі. У ім працуе каманда неўролагаў, псіхолагаў, дзіцячых неўрапсіхіятраў, лагапедаў і спецыялістаў па нейрапсіхаматорыцы.

Паводле статыстыкі рымскага кааператыва "Medihospes", колькасць пацыентаў з аўтызмам і парушэннямі паводзін і навучання за апошнія пяць гадоў вырасла на 20%, кожнае дзіця з 77 атрымлівае дыягназ расстройства аўтыстычнага спектра, таму мяркуецца, што новы цэнтр будзе вельмі запатрабаваным.

12 лістапада 2025, 13:59