Папскі ўніверсітэт “Урбаніяна” Папскі ўніверсітэт “Урбаніяна” 

Кангрэс Scholas Occurrentes: як навучыць моладзь сэнсу ў эпоху ШІ?

У Рыме адкрыўся 10-ы Міжнародны кангрэс руху “Scholas Occurrentes”. Яго ўдзельнікі абмяркуюць праблемы алгарэтыкі і значэнне штучнага інтэлекту ў жыцці чалавека. Закрыццё мерапрыемства адбудзецца ў італьянскім парламенце.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Мерапрыемства пад назвай “Інтэлект без сэнсу альбо сэнс штучнага інтэлекту?” праходзіць 17-19 лістапада 2025 года ў Папскім універсітэце “Урбаніяна”. На ім сабраліся больш за 150 навукоўцаў і прадстаўнікоў шматлікіх універсітэтаў з усяго свету.

Гэта першы кангрэс “Scholas Occurrentes” пасля смерці яго заснавальніка Францішка. Разам з Хасэ Марыя дэль Коралам і Энрыке Пальмейрам Папа Францішак заснаваў гэты рух як глабальную супольнасць універсітэтаў, якія супрацоўнічаюць дзеля выхавання моладзі ў духу сэнсу, адказнасці і дыялогу.

Прыкладанне App Scholas: новая прастора для моладзі

Адным з галоўных момантаў кангрэсу стаў запуск мабільнага прыкладання “Scholas”, распрацаванага пры тэхнічнай падтрымцы банка “Santander”. Плануецца, што платформа стане першай глабальнай лічбавай супольнасцю руху “Scholas Occurrentes”. Яна дазволіць маладым людзям з розных краін абменьвацца ідэямі, удзельнічаць у валанцёрскіх праектах і атрымліваць адукацыйныя матэрыялы.

Агульныя выклікі

У сваім выступленні на кангрэсе намесніца міністра працы і сацыяльнай палітыкі Італіі Марыя Тэрэза Белучы падкрэсліла, што адна з галоўных задач нашага часу – кіраваць лічбавымі тэхналогіямі і развіццём ШІ так, каб ён служыў чалавеку, а не шкодзіў яму.

Старшыня Нацыянальнай эканамічнай рады Інданезіі Лухут Бінсар Панджайтан нагадаў пра неабходнасць развіваць міжкультурны дыялог, спрыяць салідарнасці і міру з дапамогай адукацыі і агульных каштоўнасцяў.

Прафесар Амнон Дэкель з Іерусалімскага яўрэйскага ўніверсітэта распавёў пра тое, як перасякаюцца штучны інтэлект і чалавечыя паводзіны.

Галоўнае пытанне: як навучыць моладзь шукаць і знаходзіць сэнс?

На працягу трох дзён удзельнікі кангрэсу будуць шукаць адказ на галоўнае пытанне: Як навучыць моладзь шукаць і знаходзіць сэнс у свеце, дзе штучны інтэлект развіваецца хутчэй, чым наша здольнасць яго зразумець? Удзельнікі будуць дзяліцца досведам, прадстаўляць даследаванні і адукацыйныя ініцыятывы, якія дапамагаюць падтрымліваць маладых людзей ва ўмовах імклівых тэхналагічных змен.

Закрыццё ў парламенце Італіі

Фінальная частка кангрэсу адбудзецца ў італьянскім парламенце, дзе пройдзе спецыяльная сесія “Штучны інтэлект і рэлігіі”. На ёй будуць прадстаўлены вынікі кангрэсу, новая міжнародная ініцыятыва падрыхтоўкі глабальных лідараў і маніфест “Алгарытмы: італьянскія карані і глабальная праекцыя”.

Сустрэча завершыцца традыцыйнай пасадкай аліўкавага дрэва – сімвала міру, дыялогу і агульнай адказнасці.

18 лістапада 2025, 14:16