Матэа Бруні падчас брыфінгу ў Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота Матэа Бруні падчас брыфінгу ў Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Леў XIV на Блізкім Усходзе: адкрытае аўто і мовы свету

Кіраўнік Залы Друку прадставіў ключавыя акцэнты першага замежнага візіту Льва XIV у Турцыю і Ліван: экуменізм, дыялог і блізкасць да параненых супольнасцей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас спецыяльнага брыфінгу ў Ватыкане 25 лістапада 2025 года Матэа Бруні прадставіў праграму першага апостальскага падарожжа цяперашняга пантыфікату. Візіт у Турцыю і Ліван стане “напружаным вандраваннем” з моцным экуменічным, міжрэлігійным і міратворчым пасланнем у сэрца Блізкага Усходу.

Кульмінацыяй падарожжа стане святкаванне 1700-годдзя Нікейскага Сабора. Як паведаміў Бруні, у Ізніку (старажытнай Нікеі) Леў XIV разам з Патрыярхам Канстантынопальскім Барталамеем І узначаліць працэсію ўздоўж возера да руін Базілікі святога Неафіта, затопленай пасля землятрусу. Там, разам з двума дзясяткамі хрысціянскіх лідараў, адбудзецца малітва і сімвалічнае запальванне свечкі.

Праграма візіту насычана моцнымі сімвалічнымі жэстамі. У Турцыі Папа наведае не толькі гістарычныя хрысціянскія святыні, але і “Блакітную мячэць”, а таксама правядзе сустрэчы з кіраўніцтвам Упраўлення па справах рэлігіі (Diyanet) і галоўным рабінам.

У Ліване, акрамя сустрэч з мусульманскімі і друзскімі лідарамі, Леў XIV памоліцца ў порце Бейрута за ахвяр выбуху 2020 года, наведае магілу святога Шарбэля і пасадзіць кедр у садзе прэзідэнцкага палаца.

Бруні звярнуў увагу на сустрэчу Пантыфіка з моладдзю ў Ліване, адзначыўшы яе “вялікую здольнасць да ўстойлівасці і супраціву” перад тварам крызісаў.

Сярод практычных дэталяў было пацверджана, што ў абодвух краінах Леў XIV будзе выкарыстоўваць адкрыты папамабіль. Падчас візіту ён будзе прамаўляць на англійскай і французскай мовах. На пытанне пра бяспеку прэс-сакратар адказаў, што “былі прыняты ўсе неабходныя меры”.
 

26 лістапада 2025, 10:56