2018.12.14 Vergine Maria, la Maestra del Vangelo

“Маці вернага люду”: Святы Пасад удакладніў тытулы Марыі

Дыкастэрыя веравучэння ўдакладніла ролю Марыі ў збаўленні, аддаючы перавагу тытулу “Маці” і тлумачачы кантэкст выкарыстання іншых найменняў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дыкастэрыя веравучэння 4 лістапада 2025 года абнародавала дактрынальную ноту “Mater Populi fidelis” (“Маці вернага люду”). Дакумент, зацверджаны Львом XIV, прапануе глыбокі аналіз некаторых марыйных тытулаў і ўдакладняе правільнае разуменне ролі Багародзіцы ў справе збаўлення.

Нота з’яўляецца адказам на шматлікія запыты і прапановы, што паступалі ў Апостальскую Сталіцу на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, а таксама на пэўныя тэндэнцыі, якія маглі выклікаць замяшанне сярод вернікаў.

Чаму Касцёл перасцерагае ад некаторых тытулаў Марыі і якім аддае перавагу?

Цэнтральнае пытанне, якое разглядае дакумент, – гэта супрацоўніцтва Марыі ў адкупленчай справе Хрыста. Дыкастэрыя перасцерагае ад выкарыстання тытула “суадкупіцелька” (лац. Corredemptrix). Падкрэсліваецца, што гэты тэрмін, хоць і выкарыстоўваўся ў мінулым некаторымі Пантыфікамі, з’яўляецца “недарэчным”, бо можа засланіць унікальную і цэнтральную ролю Езуса Хрыста як адзінага Адкупіцеля.

Ахвяра Хрыста на крыжы з’яўляецца дасканалай і не патрабуе ніякіх дапаўненняў. “Адкупіцель толькі адзін, і гэты тытул не падвойваецца”, - цытуе нота словы Папы Францішка.

Падобная асцярожнасць выказваецца і ў дачыненні да тытула “пасрэдніца ўсіх ласкаў” (лац. Mediatrix). Хоць Марыя сапраўды з’яўляецца пасрэдніцай, Яе пасрэдніцтва мае выключна мацярынскі характар: Яна заступаецца за нас, як маці, але не з’яўляецца крыніцай ласкі. Крыніцай любой ласкі ёсць толькі Бог, які дзейнічае праз Хрыста.

Дакумент падкрэслівае, што роля Мары заключаецца ў тым, каб дапамагаць вернікам адкрыць свае сэрцы на дзеянне Пана, а не ў тым, каб станавіцца паміж імі і Хрыстом.

Мацярынства Марыі – ключ да разумення Яе ролі ў справе збаўлення

У якасці найбольш адпаведнага тытула нота прапануе “Маці”. Марыя – гэта “Маці вернікаў”, “Маці Божага люду”. Гэты тытул грунтуецца на словах самога Езуса, сказаных на крыжы Яну (Ян 19, 26-27), і мае глыбокія карані ў біблійнай і святаайцоўскай традыцыі.

Мацярынства Марыі не біялагічнае, а духоўнае: нарадзіўшы Хрыста, Яна ў веры нарадзіла ўсіх хрысціян, якія з’яўляюцца членамі Яго містычнага цела.

Дакумент высока ацэньвае народную пабожнасць, якая праяўляецца ў пілігрымках да марыйных санктуарыяў. Люд Божы спантанна ўспрымае Марыю як Маці, у якой знаходзіць суцяшэнне, надзею і пяшчоту. У Яе абліччы, як адзначаецца ў ноце, “адлюстроўваецца істотнае пасланне Евангелля”. Гэта Маці, якая заўсёды застаецца побач са сваім народам, падтрымліваючы яго на шляху веры.

Нота “Mater Populi fidelis” заклікае вернікаў да глыбокай і здаровай марыйнай пабожнасці, якая заўсёды вядзе да Хрыста, адзінага Збаўцы свету. Дакумент быў зацверджаны Папам Львом XIV 7 кастрычніка 2025 года і апублікаваны ва ўспамін святога Карла Барамея.
 

04 лістапада 2025, 11:09