У Ватыкане адкрылася выстава батлеек з усяго свету

Пад каланадай Берніні на Плошчы святога Пятра адкрылася міжнародная выстава “100 батлеек у Ватыкане”. У экспазіцыі прадстаўлены яслі, вырабленыя з шоўку, японскай паперы, шкла, смалы і іншых матэрыялаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Урачыстае адкрыццё выставы адбылося ўвечары 8 снежня 2025 года. Стужку разрэзаў арцыбіскуп Рына Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі і адказны за арганізацыю Юбілею.

Выстава бэтлеемскіх ясляў праходзіць у Ватыкане ўжо ў восьмы раз. Сёлета на ёй прадстаўлены 132 батлейкі з 23 краін свету. Шырока прадстаўлены еўрапейскія дзяржавы: Італія, Францыя, Харватыя, Польшча, Венгрыя, Славакія, Славенія, Румынія, Швейцарыя. Шмат работ паступіла з іншых рэгіёнаў свету: ЗША, Перу, Эрытрэі, Карэі, Венесуэлы, Тайваня, Бразіліі, Японіі, Філіпін, Інданезіі, Парагвая, Індыі. Многія экспанаты трапілі на выставу дзякуючы пасольствам гэтых дзяржаў пры Святым Пасадзе, якія актыўна падтрымалі праект.

Увагу наведвальнікаў прыцягваюць разнастайныя матэрыялы, з якіх выкананы стаенкі. Тут можна ўбачыць яслі з японскай паперы, шоўку, палістырола, смалы, воўны, какосавага валакна і шкла. Сярод найбольш арыгінальных – Божае Нараджэнне, змешчанае ў бочцы з гарбарні; кампазіцыя у пярэдняй частцы аўтобуса рымскай транспартнай кампаніі ATAC; а таксама вялікая батлейка з выявай “зніклага” Рыма.

Выстава будзе дзейнічаць да 8 студзеня 2026 года штодня да 19:00. Уваход – бясплатны, без папярэдняга браніравання.

"100 батлеек у Ватыкане"
"100 батлеек у Ватыкане"   (ANSA)

 

09 снежня 2025, 10:34