Папа Леў XIV падчас Юбілею моладзі ў Рыме. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV падчас Юбілею моладзі ў Рыме. Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Святы Пасад зацвердзіў афіцыйны тэкст малітвы СДМ-2027

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця зацвердзіла афіцыйную малітву Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць з 3 па 8 жніўня 2027 года ў Сеуле. Тэкст падрыхтаваў карэйскі арганізацыйны камітэт форума па ініцыятыве мясцовага епіскапату.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Малітва натхнёная дэвізам Сусветных дзён моладзі 2027 года: “Будзьце адважнымі: Я перамог свет” (Ян 16,33). Яна заклікае моладзь давяраць Хрысту і жыць паводле Евангелля сярод выклікаў сучаснасці (ПОЎНЫ ТЭКСТ МАЛІТВЫ НА АНГЛІЙСКАЙ МОВЕ)

Няхай кожны чалавек адкрые надзею

“Ойча наш, мы давяраем сябе Табе. Няхай маладыя людзі ва ўсім свеце знаходзяць суцяшэнне ў абдымках супольнасці Твайго Касцёла і глыбока ўдзельнічаюць у радасці камуніі і адзінства.

Пане, Езу Хрысце, Ты перамагаеш свет, цяпер і навекі. Няхай кожны чалавек адкрые надзею, якая заключана ў Тваім закліку да адвагі, разумеючы, што крыж любові і прабачэння – гэта сапраўдная перамога над светам.

Духу Святы, Полымя Любові, сваёй дзівоснай рукой Ты пасеяў зерне веры ў Карэі. Запалі ў нашых сэрцах полымя веры карэйскіх мучанікаў, каб мы станавіліся вучнямі, якія жывуць паводле Евангелля міру, любові і праўды”, - гаворыцца ў тэксце.


Плён сумеснай працы

Малітва рыхтавалася групай з 77 прадстаўнікоў моладзі, духавенства, кансэкраваных асоб і душпастырскіх работнікаў Касцёла ў Карэі падчас адмысловых рэкалекцый. Адрэдагаваны тэкст быў ухвалены мясцовымі біскупамі і накіраваны ў Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця, якая зацвердзіла канчатковы варыянт.

“Гэта малітва за маладых людзей і за ўсіх, хто іх суправаджае, не толькі ў дні Сусветных дзён моладзі, але і цягам усяго перыяду падрыхтоўкі. Я спадзяюся, што, часта молячыся гэтай малітвай, мы адкрыем нашы сэрцы на ласку, якую Бог жадае выліць на Касцёл у Карэі, на наша грамадства, на паўсюдны Касцёл і на ўвесь свет”, - сказаў ксёндз Фрэнсіс Хі-Чхон Лі з арганізацыйнага камітэта СДМ-2027.
 

04 снежня 2025, 11:22