Маральная сіла: унікальнасць дыпламатыі Святога Пасада
Ян Глінскі
На гэта ў размове з Vatican News указаў Мурыла Вілас Боаса, аўтар кнігі “Апостальская Сталіца перад абліччам міжнародных канфліктаў, міжнароднага права, папскай дыпламатыі і культуры дыялогу”. Ключавая тэма кнігі – роля Апостальскай Сталіцы як пасярэдніка ў вырашэнні міжнародных канфліктаў.
Па словах аўтара, асаблівая сіла Святога Пасаду заключаецца ў яго нейтралітэце і маральным аўтарытэце, бо ён не імкнецца да вырашэння ўласных геапалітычных і эканамічных інтарэсаў, а таксама не мае арміі для вядзення войнаў.
Абсалютная бесстароннасць робіць Апостальскую Сталіцу жаданай нейтральнай прасторай нават для тых дзяржаў, якія скептычна ставяцца да міжнародных арганізацый, такіх як, напрыклад, ААН. Нейтралітэт дазваляе Святому Пасаду будаваць давер, неабходны для развіцця сапраўднага дыялогу. Важнасць гэтай “вельмі моцнай маральнай сілы” відавочная таксама ў святле цяперашніх войнаў ва Украіне і на Блізкім Усходзе.
Вілас Боас у сваёй кнізе, прысвечанай Папу Францішку, называе яго пантыфікат сучасным прыкладам дыпламатычнай сілы. Аўтар нагадаў, што ў збліжэнні паміж Злучанымі Штатамі і Кубай ключавую ролю адыграў Папа Францішак, які “накіраваў лісты ў абедзве краіны”, у якіх прапанаваў “Ватыкан як форум для садзейнічання дыялогу паміж імі”.
“Ватыкан – самая маленькая дзяржава ў свеце, але яна валодае надзвычай моцнай маральнай сілай”, - падсумаваў Вілас Боас. Менавіта гэты аўтарытэт, як адзначыў аўтар, і дазваляе Апостальскай Сталіцы не толькі наладжваць кантакт з бакамі, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у канфлікце, але і ўплываць на іншых міжнародных суб’ектаў, якія падсілкоўваюць канфлікты праз пастаўкі зброі або эканамічную падтрымку.