Крыс Прэт падчас здымак дакументальнага фільма ў Ватыкане Крыс Прэт падчас здымак дакументальнага фільма ў Ватыкане  (© Stefano Cristiano Montesi)

Ватыкан: здымкі дакументальнага фільма пра магілу святога Пятра

У Ватыкане распачаліся здымкі новага дакументальнага фільма, прысвечанага адкрыццю магілы апостала Пятра. У якасці вядучага выступае амерыканскі акцёр Крыс Прэт, вядомы па ролях у стужках “Вартавыя Галактыкі” і “Свет Юрскага перыяду”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Для мяне вялікі гонар – супрацоўнічаць з Папам Львом і Ватыканам у гэтым праекце. Гісторыя святога Пятра – фундаментальная для хрысціянскай веры, і я глыбока ўдзячны за давер і доступ, які мне быў дадзены, каб дапамагчы перанесці гэту спадчыну на экран”, - прызнаўся Крыс Прэт у каментары для “Vatican News”.

Прэм’ера дакументальнага фільма адбудзецца ў 2026 годзе – у 400-ю гадавіну ўрачыстага пасвячэння цяперашняй Базілікі Святога Пятра, здзейсненага 18 лістапада 1626 года Папам Урбанам VIII.

Праект рэалізуецца Дыкастэрыяй па камунікацыі, Фабрыкай Святога Пятра і кінакампаніяй “AF Films”. Рэжысёр – Паўла Орціс. Сцэнар напісаў Андрэа Торніелі, праграмны дырэктар СМІ Святога Пасада, у супрацоўніцтве з археолагам П’етра Дзандэрам.

Здымкі праходзяць як у самой ватыканскай базіліцы, так і ў некропалі пад ёй. Фільм дазволіць гледачам прайсці шляхам, звязаным з жыццём святога Пятра – галілейскага рыбака, якому Езус Хрыстус даручыў кіраванне Касцёлам. Апостал прыняў мучаніцкую смерць у 64 годзе ў Рыме. Праз стагоддзі над яго сціплай магілай на Ватыканскім пагорку была ўзведзена першая базіліка, якая пазней была цалкам перабудаваная і атрымала свой сучасны выгляд у XVII стагоддзі.

Археалагічныя раскопкі пад Базілікай Святога Пятра праводзіліся з 1939 па 1949 год. Яны дазволілі выявіць магілу апостала ў старажытным некропалі пад святыняй. Пра знаходку афіцыйна паведаміў Пій XII у Юбілейны 1950 год. Далейшыя даследаванні прывялі да адкрыцця рэліквій святога Пятра, пра што абвясціў Павел VI у 1968 годзе.

Новы дакументальны фільм, здымкі якога цяпер адбываюцца ў Ватыкане, з дапамогай эксклюзіўных кадраў раскажа шырокай аўдыторыі пра гэтыя гістарычныя падзеі.
 

09 снежня 2025, 12:42