Святы Пасад заклікае Амерыку да інклюзіўнага развіцця
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Мансеньёр Хуан Антоніа Крус Серана выступіў на пасяджэннях Пастаяннай рады Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў у Вашынгтоне, прысвечаных Сусветнаму дню сацыяльнай справядлівасці і Міжнароднаму дню жанчын Амерык. Ён падкрэсліў, што годнасць кожнага чалавека павінна быць падмуркам любой эканамічнай дзейнасці.
Годнасць супраць эканомікі смерці
Спасылаючыся на словы Папы Льва XIV, дыпламат асудзіў “дыктатуру эканомікі, якая забівае”, дзе прыбыткі нешматлікіх растуць на фоне галечы большасці. Паводле яго слоў, сацыяльная справядлівасць – гэта не проста выкананне законаў, а абарона слабых ад прыгнёту і абыякавасці.
Дыпламат звярнуў увагу на вострыя праблемы амерыканскага кантынента: гандаль людзьмі, міграцыйны крызіс, ксенафобію і адсутнасць доступу да базавых паслуг. Ён адзначыў, што для пераадолення няроўнасці неабходна публічная палітыка, якая забяспечыць справядлівае размеркаванне багаццяў і інтэгральнае развіццё ўсяго чалавецтва.
Правы жанчын як ключ да поспеху
Асобнае месца ў выступах заняла тэма эканамічных правоў жанчын, якія Святы Пасад лічыць неабходнай умовай для стабільнасці грамадства. Калі жанчыны маюць роўны доступ да адукацыі, капіталу і годнай працы, гэта прыносіць карысць не толькі ім, але і сем’ям ды цэлым народам. Эканамічная незалежнасць жанчын з’яўляецца рухавіком устойлівага развіцця ўсіх краін рэгіёна.
Ватыканскі дыпламат заклікаў пакласці канец дыскрымінацыі і выключэнню, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў розных культурах. Ён пацвердзіў гатоўнасць Святога Пасада супрацоўнічаць з Арганізацыяй амерыканскіх дзяржаў дзеля пабудовы больш салідарнага і гуманнага свету.