Лука Атаназіа з кангалезскай моладдзю Лука Атаназіа з кангалезскай моладдзю  (ANSA)

Кардынал Паралін пра сведчанне пасла Італіі, забітага ў Конга

Кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін прыняў удзел у цэлебрацыях з нагоды пятай гадавіны трагічнай смерці Лукі Атаназіа, пасла Італіі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дыпламат загінуў 22 лютага 2021 года разам з карабінерам Віторыа Якавачы і кіроўцам Мустафой Міламбо падчас узброенага нападу баевікоў на аўтакалону Сусветнай харчовай праграмы, гуманітарныя праекты якой ён падтрымліваў.

Памятныя мерапрыемствы прайшлі на радзіме Лукі Атаназіа – у паўночнаітальянскім Лімбіятэ. Спачатку кардынал Паралін памаліўся каля магілы пасла на гарадскіх могілках, а затым узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў мясцовым касцёле.

Дзяржсакратар адзначыў, што Лука Атаназіа пакінуў сведчанне самаадданасці, якая выходзіць па-за межы службовых абавязкаў. Дыпламат аддаў сваё жыццё, “прыняўшы пакліканне будаваць лепшы свет не толькі думкамі і гіпотэзамі, але словамі і жэстамі – рэальнымі, сапраўднымі і шчырымі”.

Кардынал падкрэсліў, што спадчына Атаназіа – гэта спадчына любові, якая становіцца бачнай у “канкрэтнай міласэрнасці”, у жаданні быць блізкім да тых, хто знаходзіцца ў патрэбе. Падчас сваёй дыпламатычнай місіі пасол праяўляў асаблівую ўвагу да найбяднейшых і місіянерскіх супольнасцяў, а таксама нёс людзям пасланне міру і суцяшэння, - дадаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, заклікаўшы захаваць яго спадчыну, “будуючы свет, дзе мір больш жаданы за вайну, дзе дабрыня больш неабходная за гвалт, а салідарнасць больш дзейсная за прыбытак”.
 

23 лютага 2026, 11:15