Ватыкан: створана камісія па кананічным праве Усходніх Цэркваў
Марыя Валодзіна - Vatican News
20 лютага 2026 года новая камісія правяла сваё першае пасяджэнне ў сядзібе Генеральнага сакратарыята Сінода Біскупаў. Яна будзе супрацоўнічаць з ужо існуючай Кананічнай камісіяй, заснаванай у снежні 2023 года. Апошняя ўжо вызначыла некаторыя прапановы па рэформе Кодэкса Канонаў Усходніх Цэркваў, аднак яе асноўная ўвага была накіравана на Кодэкс кананічнага права Лацінскага Касцёла.
У склад новай камісіі ўвайшлі эксперты-кананісты, абраныя сярод кансультантаў Дыкастэрыі па заканадаўчых тэкстах і Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў. Яе ўзначальвае кардынал Марыё Грэк, сакратар Генеральнага Сакратарыята Сінода Біскупаў. Каардынатар – біскуп Хуан Ігнасіа Арыета, сакратар Дыкастэрыі па заканадаўчых тэкстах.
“Улічваючы спецыфіку ўсходняга кананічнага права, было палічана мэтазгодным стварыць асобную камісію, якая магла б працаваць у цесным супрацоўніцтве з першай даследчай групай па некаторых аспектах адносін паміж Усходнімі Цэрквамі і Лацінскім Касцёлам” - адзначыў кардынал Грэк.
Камісія будзе выконваць функцыю рэалізацыі рэкамендацый, атрыманых у ходзе сінадальнага працэса, у тым ліку ў справаздачы 2023 года і ў выніковым дакуменце XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў 2024 года.
Кардынал Грэк заклікаў Цэрквы sui iuris, біскупскія канферэнцыі, каталіцкія ўніверсітэты, установы і ўсіх зацікаўленых асоб у сінадальным духу дасылаць свае прапановы ў Генеральны сакратарыят Сінода Біскупаў да 15 красавіка 2026 года.
З мандатам і спісам членаў Камісіі можна азнаёміцца на сайце www.synod.va