Мусульмане ў Нідэрландах у мячэці на супольнай малітве падчас месяца Рамадан Мусульмане ў Нідэрландах у мячэці на супольнай малітве падчас месяца Рамадан 

Святы Пасад да мусульман: супольны шлях посту і надзеі

Сёлета Рамадан супаў з Вялікім постам, што стала для католікаў і мусульман асаблівай нагодай для супольнага сведчання веры, малітвы і салідарнасці ў свеце, які прагне справядлівасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дыкастэрыя па міжрэлігійным дыялогу скіравала традыцыйнае пасланне да мусульман з нагоды месяца Рамадан і свята Ід аль-Фітр 1447 года па мусульманскім летазлічэнні.

Дакумент, падпісаны прэфектам ведамства кардыналам Джорджам Джэйкабам Коавакадам, падкрэслівае глыбокую духоўную сувязь паміж двума рэлігійнымі традыцыямі, якая асабліва адчуваецца ў 2026 годзе дзякуючы супадзенню каляндарнага часу посту ў хрысціян і паслядоўнікаў ісламу.

У звароце заўважаецца, што ў эпоху, пазначаную празмернасцю інфармацыі і супярэчлівага наратыву, чалавечае распазнаванне можа затуманьвацца, а пакуты – станавіцца больш вострымі. У такія моманты вернік пакліканы не паддавацца спакусе адчаю ці насілля, якія часам здаюцца “хуткім шляхам” да справядлівасці, але насамрэч з’яўляюцца тупіковымі. Сапраўдны вернік нястомна трымае позірк на “нябачным Святле”, якім з’яўляецца Бог – адзіны Справядлівы, Які судзіць народы па праўдзе.

"Мы, хрысціяне і мусульмане, разам з усімі людзьмі добрай волі, пакліканы ўяўляць і адкрываць новыя шляхі, праз якія жыццё можа быць абноўлена", - гаворыцца ў тэксце паслання. Святы Пасад заклікае не дазваляць злу перамагаць, але перамагаць зло дабром, асабліва падтрымліваючы тых, хто пакутуе целам ці духам у пошуках годнасці і свабоды.

Асаблівы акцэнт у пасланні зроблены на паняцці міру, які не павінен быць ілюзорным ці ўтапічным. Спасылаючыся на словы Папы Льва XIV з яго паслання на Сусветны дзень міру 1 студзеня 2026 года, Дыкастэрыя нагадвае, што сапраўдны спакой нараджаецца з "раззбраення сэрца, розуму і жыцця". Такі мір з’яўляецца дарам Бога, які трэба клапатліва вырошчваць праз дыялог, практыку справядлівасці і любоў да прабачэння, каб зброя вайны саступіла месца мужнасці міру.
 

20 лютага 2026, 12:39