Швейцарскія гвардзейцы ля сваёй казармы Швейцарскія гвардзейцы ля сваёй казармы 

Новы дом для швейцарскіх гвардзейцаў: атрыманы дазвол

Святы Пасад ухваліў маштабную рэканструкцыю казармы Швейцарскай гвардыі — да канца 2029 года абаронцы Пантыфіка і іх сем’і атрымаюць сучасны і ўтульны жыллёвы комплекс.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Фонд па рэстаўрацыі казармы Папскай швейцарскай гвардыі 18 лютага 2026 года паведаміў аб атрыманні афіцыйнага дазволу на пачатак прац пасля зацвярджэння канчатковага праекта Святым Пасадам. Ён распрацаваны архітэктурным бюро “Durisch Nolli” і прадугледжвае амаль поўны знос старых будынкаў пры захаванні гістарычнага фасада.

Пачатак будаўнічых прац запланаваны на 2027 год

Замест цяперашніх трох паверхаў гвардзейцы атрымаюць больш прасторны дом: на пяці паверхах размесцяцца 81 аднамесны пакой, 18 двухмесных пакояў для шараговых салдат, а таксама 21 кватэра для афіцэраў з сем’ямі.

Гэта дазволіць сабраць увесь корпус гвардыі пад адным дахам у Ватыкане, бо сёння частка афіцэрскага складу вымушана жыць на тэрыторыі Рыма. Пры гэтым будаўнікі захаваюць гістарычны фасад, што выходзіць у бок Італіі, і вызваляць прастору вакол Пасэта-дзі-Борга (Passetto di Borgo) – старадаўняга абарончага пераходу XI стагоддзя.

Бюджэт праекта вырас да 70 мільёнаў швейцарскіх франкаў

Павышэнне цэн на будаўнічыя матэрыялы ў Рыме прымусіла арганізатараў павялічыць бюджэт на 25 мільёнаў франкаў. У сувязі з гэтым Фонд абвясціў новы этап збору ахвяраванняў, які цяпер ахопіць не толькі Швейцарыю, але і Германію, Францыю, Італію і Злучаныя Штаты Амерыкі.

Гвардзейцы спадзяюцца, што да канца 2029 года яны змогуць справіць наваселле ў абноўленым і бяспечным “швейцарскім квартале” на тэрыторыі Ватыкана.
 

19 лютага 2026, 15:21