Арцыбіскуп Пэнья Пара: у Дзяржсакратарыяце я дыхаў каталіцкасцю
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Апоўдні, 30 сакавіка 2026 года, пасля афіцыйнага аб’яўлення аб новай намінацыі, іерарх запрасіў кіраўніцтва і супрацоўнікаў Дзяржсакратарыята на сустрэчу, каб выказаць падзяку за доўгую сумесную працу. Арцыбіскуп Пэнья Пара падкрэсліў, што з удзячнасцю прымае новую місію, абяцаючы Святому Айцу “паслухмянасць, адданасць і малітву”.
Цудоўная прыгода ў складаны перыяд
Іерарх параўнаў жыццё з цягніком, які вязе да канцавой станцыі, але робіць прыпынкі на шляху – у розных месцах, на акрэслены час, дазваляючы сустракацца з рознымі людзьмі. Ён заўважыў, што “прыпынак” у Дзяржсакратарыяце быў самым доўгім у яго жыцці, але ў той жа час і вельмі “цікавым, поўным урокаў і выклікаў”.
Гэта была “цудоўная прыгода”, нягледзячы на тое, што праходзіла ў складаны перыяд, пазначаны “глабальным выклікам” пандэміі каронавіруса, смерцю Бэнэдыкта XIV і Францішка, а таксама “далікатнай фазай” канклаву і радасным момантам абрання Льва XIV, - падкрэсліў арцыбіскуп Пэнья Пара.
Арцыбіскуп нагадаў, што на перыяд яго служэння на пасадзе субстытута Дзяржсакратара выпаў таксама судовы працэс аб фінансавых злоўжываннях, падчас якога Святы Пасад і асабліва Дзяржсакратарыят знаходзіліся пад беспрэцэдэнтнай медыйнай і судовай увагай, што патрабавала дакладнасці, празрыстасці і пачуцця адказнасці.
Ва ўсіх гэтых абставінах “Секцыя па агульных пытаннях была паклікана працягваць, каардынаваць і падтрымліваць ціхае і часта нябачнае, але ў той жа час вельмі важнае для жыцця паўсюднага Касцёла служэнне”, - сказаў ён.
Гармонія ў адзінстве
Іерарх выказаў падзяку кардыналу-дзяржсакратару П’етра Параліну, арцыбіскупу Полу Рычарду Галахеру, а таксама іншым кіраўнікам і супрацоўнікам структур Дзяржсакратарыята, здагадаўшы таксама пра нунцыяў, дзякуючы якім мог адчуць паўсюднасць Касцёла і яго жывую прысутнасць у розных краінах і культурах.
“Тут, паміж гэтымі мурамі, напэўна, як ніколі раней, я дыхаў каталіцкасцю: тут мовы, погляды, гісторыі, што паходзяць з усіх частак свету, сустракаюцца і ўтвараюць гармонію ў адзінстве”, - сказаў ён.
Напрыканцы арцыбіскуп Пэнья Пара скіраваў свае думкі да арцыбіскупа Паола Рудэлі, які стане яго наступнікам на “такой далікатнай” пасадзе, выказаўшы пажаданне “жыць гэтай адказнасцю як часам ласкі”.