Інтэр'ер Базілікі Гробу Пана ў Іерусаліме Інтэр'ер Базілікі Гробу Пана ў Іерусаліме  (AFP or licensors)

Дзяржсакратар абмеркаваў з паслом Ізраіля інцыдэнт у Іерусаліме

Інцыдэнт, які адбыўся ў Пальмовую нядзелю ў Іерусаліме, калі кардынал П’ербатыста Піцабала не змог трапіць у Базіліку Гробу Пана, стаў тэмай сустрэчы бліжэйшага супрацоўніка Папы з паслом Ізраіля.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

30 сакавіка 2026 года кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін, якога суправаджаў сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сустрэўся з паслом Ізраіля пры Святым Пасадзе Яронам Сідэманам.

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што сустрэча прайшла пасля “прыкрага інцыдэнту”, звязанага з тым, што ў Пальмовую нядзелю, 29 сакавіка 2026 года, ізраільская паліцыя перашкодзіла кардыналу П’ербатысту Піцабалу, Лацінскаму Патрыярху Іерусаліма, і айцу Франчэска Эльпу, кустоду Святой Зямлі, увайсці ў Базіліку Гробу Пана.

“Падчас размовы было выказана шкадаванне з прычыны здарэння, адносна якога былі дадзены тлумачэнні, а таксама прынята да ведама пагадненне, дасягнутае паміж Лацінскім Патрыярхам Іерусаліма і мясцовымі ўладамі адносна ўдзелу ў набажэнствах Пасхальнага Трыдуума ў Базіліцы Гробу Пана ў Іерусаліме”, - гаворыцца ў ватыканскім камюніке.
 

31 сакавіка 2026, 09:56