Леў XIV падчас візіту ў Экватарыяльную Гвінею. Ілюстрацыйнае фота Леў XIV падчас візіту ў Экватарыяльную Гвінею. Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media) Калонка рэдактара

Андрэа Тарніелі: падарожжа, якое раскрывае пантыфікат Льва XIV

Візіт у Афрыку паказвае місіянерскае сэрца Льва XIV і аблічча Касцёла, які становіцца блізкім да пакут чалавецтва, - заўважыў у аўтарскай калонцы на партале “Vatican News” Андрэа Тарніелі, галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Аляксандр Панчанка

Першы дзень паездкі Льва XIV у Афрыку, а таксама два наступныя дні з пункту гледжання СМІ былі адзначаныя каментарыямі адносна заяваў прэзідэнта Дональда Трампа. Папа сам пажадаў згладзіць гэтую палеміку, асцерагаючыся, што кожнае яго слова падчас паездкі будзе інтэрпрэтавацца праз прызму адносін паміж Святым Пасадам і Белым домам.

Так на другі план адышоў і амаль забыўся адзін асабліва значны выраз, які Наступнік Пятра прамовіў раніцай у панядзелак, 13 красавіка, у сваім першым прывітанні журналістаў на борце самалёта, што толькі што ўзляцеў і вёз яго ў Алжыр: паездка ў Афрыку “павінна была стаць першай паездкай яго пантыфікату”. “Яшчэ ў маі мінулага года я сказаў, што сваю першую паездку я хацеў бы здзейсніць у Афрыку”, - адзначыў ён.

Такім чынам, адразу пасля абрання Леў XIV выказаў сваім супрацоўнікам гэтае канкрэтнае жаданне, якое пазней не ўдалося рэалізаваць з лагістычных прычын, але якое шмат гаворыць пра тое, як першы Папа, які нарадзіўся ў Злучаных Штатах, разумее сваю місію. Не варта забывацца пра адзін важны факт з біяграфіі Роберта Фрэнсіса Прэвоста: ён быў манахам-місіянерам, што з’яўляецца надзвычай рэдкай з’явай у гісторыі папства апошніх стагоддзяў.

Леў XIV шмат гадоў служыў місіянерам і парафіяльным святаром у Перу, а затым па просьбе Папы Францішка вярнуўся туды ў якасці біскупа. Менавіта ў святле гэтага паклікання можна зразумець жаданне здзейсніць першую паездку ў Афрыку і тое, што адбываецца ў гэтыя дні: Папа ўсміхаецца і адчувае сябе нязмушана, ідучы за рытмічнымі песнямі і традыцыйнымі танцамі, якія суправаджаюць эўхарыстычныя цэлебрацыі; ён прысвячае час сустрэчам і абдымкам з самымі малымі, доўга паціскае рукі і вітае людзей. Але ў першую чаргу – калі ён гаворыць пра навізну Евангелля, якое сустракаецца з культурамі і народамі, становячыся рухавіком міру і перамен.

Гэта было бачна ў Баменде, у Камеруне, куды Біскуп Рыма прыбыў, каб падтрымаць будаванне міру і мірнага суіснавання ў кантэксце, драматычна адзначаным грамадзянскай вайной. Або ў Яўндэ, калі, звяртаючыся да ўніверсітэцкай супольнасці, ён казаў пра важнасць “фармавання свабодных сумленняў, якія маюць святы неспакой” як “умовы, пры якой хрысціянская вера паўстае як цалкам чалавечая прапанова, здольная пераўтвараць жыццё асобных людзей і грамадства, ініцыяваць прарочыя змены ў адносінах да трагедый і беднасці нашага часу”.

Невыпадкова Леў XIV указаў на паўторны зварот да Апостальскай адгартацыі Францішка “Evangelii gaudium” і паглыбленне яе разумення як на праграму працы наступнага кансісторыя. Гэты праграмны дакумент яго папярэдніка, першая гадавіна смерці якога ўспаміналася 21 красавіка 2026 года, зноў прапануецца Касцёлу, бо ён выразна паказвае сутнасць місіі: гэта керыгма, што значыць абвяшчэнне сутнасці веры, аблічча Касцёла, здольнага быць побач з тымі, хто церпіць, падзяляючы трагедыі чалавецтва, імкненне да пераўтварэння грамадства ў больш гуманным і справядлівым напрамку. Касцёл, як мы чыталі ў адгартацыі “Dilexi te”, прызнае любоў да ўбогіх неад’емнай часткай хрысціянскага прапаведавання, бо “кантакт з тымі, хто не мае ўлады і велічы, становіцца асноўным спосабам сустрэчы з Панам гісторыі”.

Настойлівыя заклікі да міру, да вяртання да перамоваў і да выканання міжнароднага права – дзеянні, што выклікалі рэакцыю ў апошнія дні, – упісваюцца ў гэты кантэкст. І яны дапамагаюць яшчэ раз праясніць, у чым заключаецца прырода служэння Касцёла і, у прыватнасці, Наступніка Пятра, які дзейнічае не як палітык, а як пастыр. У самой сутнасці яго пастырства, далёкай ад усялякага спірытуалістычнага і адарванага ад рэальнасці спрошчання, закладзены клопат пра мір, справядлівасць, дыялог, сустрэчу, пабудову больш справядлівага грамадства, блізкасць да пераследаваных або дыскрымінаваных, блізкасць да нявінных ахвяр войнаў, прароцтва таго, хто турбуецца пра лёс чалавецтва ў гэты “драматычны час гісторыі”.

 

23 красавіка 2026, 09:07